Начальніку СІЗА КДБ прапанавалі знайсці месца для сустрэчаў адвакатаў з падабароннымі

18.01.2011 16:59
Архив Редакция

Начальніку СІЗА КДБ прапанавалі знайсці памяшканні і забяспечыць правы адвакатаў, якія абараняюць абвінавачаных у арганізацыі масавых беспарадкаў, на сустрэчы са сваімі падабароннымі. Такі адказ 17 студзеня з пракуратуры Мінску атрымала адвакатка былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміра Някляева Тамара Сідарэнка.

«Я атрымала адказ з пракуратуры Мінску на тры нашыя скаргі ў Генпракуратуру, якія мы адпраўлялі 22, 23 і 24 снежня (не толькі я, але і іншыя адвакаты), у якіх мы прасілі забяспечыць нашы правы абараняць абвінавачваных», — цытуе юрыстку «Беларускі партызан».

Па словах Тамары Сідарэнкі, адказ прыйшоў з пракуратуры горада Мінску і падпісаны 14 студзеня. «Начальніку СІЗА КДБ прапанавана адшукаць магчымасці для забеспячэння правоў адвакатаў на сустрэчы са сваімі падабароннымі», — распавяла адвакатка Уладзіміра Някляева.

Пры гэтым 17 студзеня ні Тамара Сідарэнка, ні адвакат яшчэ аднаго экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча — Таццяна Станкевіч — не змаглі трапіць да сваіх падабаронных.

Між тым, як ужо паведамляў Тэлеграф, у крымінальнай справе аб арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску ў якасці абвінавачаных праходзіць ужо 31 чалавек. У якасці падазраваных у крымінальнай справе фігуруе 16 чалавек.

На 14 студзеня 27 абвінавачаных ўтрымліваюцца пад вартай, чатыры — пад падпіскай аб нявыездзе. З падазраваных пяцёра заключаны пад варту, дзевяць знаходзяцца пад падпіскай аб нявыездзе, двое — за межамі Беларусі.

Как вам новость?