Начштаба Някляева: міліцыя не вінаватая

21.12.2010 13:25
Архив Редакция

Кіраўнік штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў па беларускім тэлебачанні заявіў, што міліцыя невінаватая ў тым, што адбылося з Уладзімірам Някляевым. Ён адзначыў, што вінаватыя дэманстранты, паколькі не прад'яўлялі дакументаў супрацоўнікам ДАІ і не давалі агледзець аўтамабіль.

«Калі мы збіраліся разам ісці да Плошчы, і для гэтага нам трэба была машына, якая павязе гукавую апаратуру, мы арганізаваліся ад офіса на Нямізе, які з’яўляецца штаб-кватэрай Някляева, і разам пайшлі па вуліцы Калектарнай. На вуліцы Калектарнай нам дарогу перагарадзіла машына ДАІ, і супрацоўнікі ДАІ папрасілі прад’явіць дакументы і папрасілі паглядзець, што знаходзіцца ў машыне. У адказ на гэта мы вырашылі не выносіць, а прадоўжыць рух. Для таго, каб яго прадоўжыць, мы спрабавалі адкаціць машыну, і мы разам з Някляевым пачалі яе разгойдваць і каціць назад», — сказаў Андрэй Дзмітрыеў.

«Ззаду з натоўпу пачалі насоўваецца п’яныя маладыя людзі. Завязалася бойка. І міліцыя змагла гэтую бойку развесці. Супрацоўнікі міліцыі не вінаватыя ў тым, што здарылася», — адзначыў кіраўнік штаба.

«Гавары праўду!»: Адказнасць ляжыць на сілавых структурах

У сваю чаргу, грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» ўсклала адказансць за абвастрэнне сітуацыі цалкам і поўнасцю на сілавыя структуры, адзначыўшы, што «акцыя насіла выключна мірны характар, і пра гэта неаднаразова заяўлялі яе лідэры — кандыдаты ў прэзідэнты». Па словах актывістаў руху, першыя правакацыі пачаліся яшчэ да пачатку мітынгу на Кастрычніцкай плошчы.

«За паўгадзіны да гэтага быў здзейснены агрэсіўны напад невядомых асобаў у чорным без знакаў адрознення на мірную калону дэманстрантаў на чале з У. Някляевым, якая накіроўвалася на плошчу. Людзей жорстка збілі (ёсць відэа і фота пасведчання), а сам Уладзімір Някляеў атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і быў дастаўлены ў бальніцу. Невядомым была таксама разгромленая машына з гукаўзмацняльнай апаратурай. Падкрэсліваем, што ніякіх іншых прадметаў у машыне не было», — заявілі ў «Гавары праўду!».

Актывісты кампаніі адзначылі, што ўчыненую невядомымі асобамі спробу ўварвання ў будынак Дома Урада неадкладна спынілі арганізатары, якія заклікалі спыніць дадзеныя дзеянні і не аказваць супраціву міліцыі. «Мы разглядаем паводзіны АМАПу як спланаваную правакацыю, якая дала нагоду для разгону з шматлікімі збіваннямі і затрыманнямі», — гаворыцца ў заяве.

Сябры кампаніі таксама выказалі асцярогі аб стане здароўя Уладзіміра Някляева, затрыманне якога, па іх словах, «нагадвала хутчэй выкраданне». Яны запатрабавалі таксама «прызнаць выбары, якія адбыліся 19 снежня ў Рэспубліцы Беларусь, несапраўднымі з прычыны шматлікіх фальсіфікацый» і «прызначыць новыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь без удзелу Лукашэнкі».

Как вам новость?
Головоломки