Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі раскрытыкаваў СГА

29.09.2010 10:49
Архив Редакция

Беларусь вельмі занепакоеная зацягваннем перамоў па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Пра гэта на пленарным пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН 28 верасня заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. Паводле яго слоў, зацягванне перамоваў "раўнасільнае дыскрымінацыі асобных дзяржаў".

«Больш за дзесяць гадоў доўжыцца перамоўны працэс па далучэнні да Сусветнай гандлёвай арганізацыі каля трох дзясяткаў дзяржаў. Хіба гэта нармальна?», — адзначыў намеснік міністра замежных спраў.

На сённяшні дзень 30 краін свету, якія не ўваходзяць у СГА, з’яўляюцца назіральнікамі і вядуць перамовы аб уступленні ў арганізацыю. Сярод іх — Азербайджан, Алжыр, Афганістан, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Ірак, Іран, Казахстан, Расія, Сербія, Таджыкістан, Узбекістан, і іншыя. Абмеркаванне прыняцця краін у СГА (якая цяпер налічвае 153 члены) праходзіць у рамках Дахійскага раўнду шматбаковых гандлёвых перамоваў.

Па словах Сяргея Алейніка, Беларусь, як і многія іншыя краіны, занепакоеная цяперашнім станам Дахійскага раўнду, «асабліва з улікам апошніх тэндэнцый да ўзмацнення жорсткасці пазіцый развітых краін». «Асабліва ад гэтага пакутуюць дзяржавы, якія развіваюцца, і краіны з сярэднім узроўнем прыбытку. Таму мы зыходзім з таго, што правілы ўступлення зацікаўленых краін у дадзеную арганізацыю павінны быць у значнай ступені перагледжаныя ў бок спрашчэння», — падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС Беларусі.

Алейнік: развітыя краіны павялічылі коштавы ціск на малыя дзяржавы

Акрамя таго, Сяргей Алейнік звярнуў увагу кіраўніцтва арганізацыі на тое, што «незвычайна жорсткімі сталі пратэкцыянісцкія меры развітых краін у міжнародным гандлі, павялічыўся коштавы ціск на малыя і сярэднія дзяржавы па адчувальных групах тавараў».

Сярод іншых важных пытанняў прадстаўнік Беларусі адзначыў барацьбу са змяненнем клімату і экалогію. Так, Сяргей Алейнік падкрэсліў неабходнасць выпрацоўкі пост-Кіёцкага міжнароднага пагаднення і стварэння перспектыўнага міжнароднага механізму ўзаемадзеяння з мэтай павышэння даступнасці перадавых энергатэхналогіяў і энергараспрацовак, уключаючы тэхналогіі выкарыстання новых і аднаўляльных крыніц энергіі.

Акрамя гэтага, як паведамілі ў МЗС Беларусі, намеснік міністра закрануў у сваім выступе пытанні аднаўлення рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Па словах Сяргея Алейніка, паспяховае пераадоленне наступстваў Чарнобыля адпавядае інтарэсам усёй міжнароднай супольнасці.

У сувязі з гэтым намеснік міністра паведаміў, што Беларусь, Расія і Украіна плануюць унесці на разгляд Генеральнай асамблеі ААН рэзалюцыю па ўмацаванні міжнароднага супрацоўніцтва ў справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

Как вам новость?
Головоломки