Нападу анархістаў на ізалятар на Акрэсціна не было

07.09.2010 10:22
Архив Редакция

Анархісцкая група "Сябры Свабоды" распаўсюдзіла ў інтэрнэце інфармацыю аб нападзе на следчы ізалятар на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. У следчым ізалятары факт нападу абверглі. Акрамя таго, праз некаторы час адміністрацыя сайту, дзе анархісты размясцілі відэаролік з атакай на Акрэсціна, распаўсюдзіла паведамленне, што гэтая інфармацыя была чарговай правакацыяй супраць анархістаў.

Пасля выдалення правакацыйнай інфармацыі, адміністрацыя сайту Індымедыя Беларусь выказала меркаванне аб тым, што хтосьці такім чынам спрабуе «раскачаць» перадвыбарную сітуацыю, «на гэты раз — за кошт людзей, якія вызнаюць анархічныя погляды».

У апублікаваным раней відэароліку «Сябры Свабоды» заяўлялі, што раніцай 6 верасня ў знак салідарнасці з затрыманымі па падазрэнні ў дачыненні да інцыдэнту каля расійскай амбасады 30 жніўня з дапамогай «кактэйляў Молатава» імі быў атакаваны следчы ізалятар на вуліцы Акрэсціна.

«Пасля радыкальнай акцыі каля расійскай амбасады рэпрэсіўныя органы дзяржавы пачалі беспрэцэдэнтную аблаву на анархістаў і іншых сацыяльных актывістаў па ўсёй краіне. Ізалятары напаўняюцца ўсё новымі затрыманымі. У асноўным гэта дзеці, якія не маюць ніякага дачынення да радыкальных акцыяў і займаюцца мірнай прапагандай сваіх поглядаў і ўдзелам у сацыяльных ініцыятывах. Цяпер ім шыюць справы і вешаюць усё, што толькі можна «, — гаварылася ў заяве.

Акрамя таго, у дадзенай заяве актывісты анархістычнай групы ўзялі на сябе адказнасць за ўсе нядаўна прамінулыя радыкальныя сілавыя акцыі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, увечары 30 жніўня невядомыя кінулі на тэрыторыю расійскай амбасады ў Мінску 2 бутэлькі з запальнай сумессю. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў, ахова амбасады справілася з пажарам самастойна.

2 жніўня ў інтэрнэце з’явілася заява, у якой адказнасць за інцыдэнт ўзяла на сябе анархісцкая групоўка пад назвай «Сябры Свабоды».

3 верасня супрацоўнікі сілавых структур затрымалі шасцярых актывістаў анархісцкіх рухаў па падазрэнні ў дачыненні да інцыдэнту каля расійскай амбасады. Сярод затрыманых — Ігар Багачак, Сяргей Слюсар, Мікалай Дзядок, Валерыя Хоціна, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Жынгероўскі. Крымінальную справу па факце нападу на расійскую амбасаду перакваліфікавалі ў больш цяжкае злачынства — «падпал».

Как вам новость?
Головоломки