Напярэдадні гадавіны аварыі на ЧАЭС Лукашэнка наведвае пацярпелыя рэгіёны

25.04.2011 09:17
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні 25-ай гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС здзяйсняе працоўную паездку па пацярпелых ад аварыі беларускіх рэгіёнах. Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта, у велікодную нядзелю, 24 красавіка, Аляксандр Лукашэнка наведаў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Петрыкаве Гомельскай вобласці.

«У мяне ёсць унікальная магчымасць у вашым доме вітаць вас. Палессе — мой любімы куток. Я вельмі часта бываю тут і прасякнуўся тымі пачуццямі і эмоцыямі, якімі жывяце і вы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да вернікаў храма.

Паводле слоў прэзідэнта, у апошні час шмат гаварылася аб адраджэнні Палесся, але ўжо ў 2010 годзе ўлады перайшлі ад адраджэння да развіцця гэтага краю. «Гэта ўжо не тое Палессе. Сёння аб палешуках, як аб людзях, што ў лапцях і на астравах жывуць, гаворыцца толькі ў легендах. Упэўнены, мы падымем гэтую зямлю да тых прыгажосцяў, якіх яна заслугоўвае», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб наступствах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўлады ўжо нямала зрабілі для іх ліквідацыі, але трэба яшчэ шмат зрабіць, каб вярнуць забруджаныя землі да жыцця.

У ходзе візіту ў Петрыкаў Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар храму Свяціцеля Мікалая Цудатворца абраз Божай Маці «Уладзімірская». «З усіх абразоў Багародзіцы Уладзімірская — самая старажытная і шанаваная вернікамі. Перад ёй каранаваліся рускія цары і абіраліся патрыярхі», — адзначылі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. У сваю чаргу епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфан перадаў у дар прэзідэнту Вобраз Уваскрэсення Хрыстовага і Біблію.
 
Працоўная паездка прэзідэнта па рэгіёнах, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, працягнецца. 25 красавіка Аляксандр Лукашэнка наведае Берасцейскую вобласць.

Как вам новость?