Нарышкін: суверэнітэт Беларусі ніколі не ставіўся пад сумнеў

14.10.2010 10:49
Архив Редакция

Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргей Нарышкін 13 кастрычніка ў Крамлі на брыфінгу для беларускіх журналістаў заявіў, што суверэнітэт Беларусі ніколі не ставіўся пад сумнеў. «Расія цвёрда стаіць на прынцыпах і нормах, якія зафіксаваныя ў дамове аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999», — дадаў кіраўнік крамлёўскай адміністрацыі.

Па словах Сяргея Нарышкіна, стварэнне Саюзнай дзяржавы першапачаткова будавалася на «прынцыпах суверэннай роўнасці яе ўдзельнікаў і добраахвотнага выканання імі ўзятых на сябе абавязальніцтваў», перадае БелаПАН.

Сяргей Нарышкін таксама пракаментаваў пытанне аб расійскіх інвестыцыях у эканоміку Беларусі. Па словах кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ, расійскі бізнэс не збіраецца скупляць за капейкі беларускую ўласнасць. «Прыцягненне любых прыватных інвестыцый у рэальны сектар эканомікі — цалкам нармальная і станоўчая з’ява», — адзначыў Сяргей Нарышкін.

Па словах кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрыя Мядзведзева, раней у Ленінградскай вобласці РФ ён адказваў за прыцягненне замежных інвестыцый, і ў гэтым напрамку было зроблена нямала. «Нічога, акрамя карысці, для вобласці і Расіі ў цэлым гэта не прынесла. Чым больш капіталаў будзе паступаць у Беларусь, тым лепш. Ні пра якую крыважэрнасць расійскіх інвестараў гаворка не ідзе», — падкрэсліў кіраўнік крамлёўскай адміністрацыі.

Нарышкін: не трэба спекуляваць на тэме ваеннага супрацоўніцтва

Акрамя таго, Сяргей Нарышкін адзначыў, што ў адносінах Расіі і Беларусі ў ваеннай сферы існуюць ўзаемныя абавязацельствы, і спекуляваць на гэтай тэме не мае сэнсу. Па словах кіраўніка адміністрацыі, калі ў Мінску прыводзяць прыклад Украіны, якой Расія фактычна заплоціць 40 млрд. даляраў за падаўжэнне знаходжання ў Севастопалі Чарнаморскага флоту, «хітрасць, вядома, прысутнічае».

«Трэба гаварыць не толькі аб выкананні Беларуссю сваіх абавязацельстваў у дачыненні да абароны заходніх рубяжоў, але і аб абароне Расіяй бяспекі Саюзнай дзяржавы па іншых напрамках», — дадаў Сяргей Нарышкін.

Чыноўнік нагадаў аб дзеянні канцэпцыі сумеснай абароннай палітыкі, падтрымкі беларускім бокам рашэння аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання ў рамках АДКБ, а таксама рашэнне аб тым, што Беларусь «магчыма, будзе старшынёй у АДКБ».

Пры гэтым Сяргей Нарышкін падкрэсліў, што ў рамках АДКБ пазіцыі дзвюх краін «часцей за ўсё супадаюць». «Ніхто не возьмецца таксама аспрэчваць значэнне супрацоўніцтва нашых краін у ваеннай, ваенна-тэхнічнай сферы», — заявіў кіраўнік крамлёўскай адміністрацыі.

Варта
адзначыць, што далёка не ўсе найважнейшыя незалежныя СМІ Беларусі
атрымалі запрашэнне на брыфінг кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта
Расіі.

Как вам новость?