"Наша Нiва" падзякавала "Белсаюздруку" за затрымку нумару

14.07.2010 10:28
Архив Редакция

13 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў офісе "Беларускай асацыяцыі журналістаў" галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва» выказаў падзяку РУП «Белсаюздрук» за канфіскацыю часткі нумароў газеты. «За тое, што падчас летніх адпачынкаў, калі ўвага да прэсы традыцыйна падае, яны такім арыгінальным чынам прыцягнулі ўвагу да газеты «Наша Ніва», - растлумачыў Андрэй Скурко.

Як адзначыў галоўны рэдактар, на мінулым тыдні газета сутыкнулася з цэнзурай часоў «лібералізацыі», паколькі была канфіскаваная толькі самая лёгкадаступная частка накладу з матэрыялам пра фільм НТВ «Хросны бацька», што распаўсюджваўся праз кіёскі «Белсаюздруку», паведамляе «Салідарнасць».

Андрэй Скурко заявіў, што нумар «Нашай Нівы» знік паміж друкарняй і кіёскамі. З нагоды знікнення рэдакцыя газеты звярталася ў абласныя філіі «Белсаюздруку», дзе казалі, што выданне то паступіла ў продаж, то не паступіла. Але чытачы знайсці яе не маглі, заявіў Андрэй Скурко.

На ягоную думку, «Белсаюздрук» быў усяго толькі выканаўцам, рашэнне ж аб канфіскацыі газеты прымалі на больш высокім узроўні. Андрэй Скурко заявіў, што рэдакцыя звярнулася да «Белсаюздруку» з патрабаваннем тлумачэнняў, а таксама рыхтуе скаргі ў пракуратуру і гаспадарчы суд у сувязі з тым, што газета панесла вялікія матэрыяльныя страты ў памеры чатырох мільёнаў рублёў (1,3 тыс. даляраў) за 3 485 нумароў.

Як адзначыў галоўны рэдактар «Нашай Нівы», найбольшую цікавасць у дадзенай сітуацыі ўяўляе колькасць спісаных нумароў, аб якой «Белсаюздрук» павінен паведаміць у канцы месяца. «І тут нас чакае такая калізія: калі спісанне ад сёмага ліпеня будзе празмерна вялікім, гэта будзе азначаць, што «Белсаюздрук» негалосна распісваецца: нумар быў затрыманы», — заявіў Андрэй Скурко.

«Калі ж спісанне будзе звычайным і «Белсаюздрук» будзе рабіць выгляд, што нумар пайшоў у продаж, рэгіянальныя прадпрыемствы будуць вымушаныя пералічыць нам грошы за нумар. Гэта можа быць першым прыкладам дзяржаўнай датацыі незалежнай прэсы», — адзначыў галоўны рэдактар.

Як раней паведамляў Тэлеграф, адзін з нумароў недзяржаўнай беларускамоўнай газеты «Наша Ніва» сёмага ліпеня не з’явіўся ў шапіках «Белсаюздруку». У 25-м нумары газеты на першай паласе быў апублікаваны артыкул, у якім расказвалася пра сітуацыю з Мытным саюзам, фільмам НТВ «Хросны бацька» і пра рэакцыю на яго беларускіх уладаў.