"Наша Ніва": галоўнае не сутнасць папярэджанняў, а іх колькасць

29.07.2010 11:08
Архив Редакция

У наяўнай сітуацыі значэнне мае не сутнасць папярэджанняў, зробленых "Нашай Ніве" міністэрствам інфармацыі, а іх колькасць. Пра гэта заявіла рэдакцыя газеты ў афіцыйным каментары. Усяго ў "Нашай Нівы" ужо тры папярэджанні, што дае падставы пачаць працэс ліквідацыі газеты, растлумачылі ў рэдакцыі.

Паколькі раней, 16 лістапада 2009 года, газета ўжо атрымлівала падобнае папярэджанне (за публікацыі аб «свіным грыпе»), газета рызыкуе быць ліквідаванай. Аднак для гэтага ў Беларусі патрэбна палітычная воля, лічыць юрыст Андрэй Бастунец.

На думку рэдакцыі, апошнія два папярэджанні міністэрства інфармацыі былі механічнымі. «Загадалі пакараць — знайшлася віна: загаловак «БРСМ рэкламуе фільм «Хросны бацька». І хаця «Белсаюздрук» сцвярджае, што нумар «быў накіраваны на рэалізацыю ў гандлёвыя аб’екты», па словах рэдакцыі ён ў кіёсках не з’явіўся. «Гэта пацвердзяць тысячы чытачоў ва ўсёй краіне. Галоўнаму рэдактару ў палове абласных аддзяленняў «Саюздруку» сказалі, што «НН» № 25 ім не паступала», — паведамілі ў рэдакцыі «Нашай Нівы».

Акрамя таго, рэдакцыю абурыла фармулёўка папярэджання, якое тычыцца артыкула «Хросны бацька сканфіскаваў». Міністэрства палічыла, што артыкул «можа нанесці шкоду ў тым ліку і дзяржаўным інтарэсам, бо скажае практыку ўзаемадзеяння дзяржавы са СМІ», расказалі ў рэдакцыі газеты.

«n#####n»: у Беларусі ўжо ёсць новы дзяржаўны орган — «Хросны бацька»

«Што гэта значыць? — задаецца пытаннем рэдакцыя газеты. — Мінінфармацыі залічыла ў дзяржаўныя падначаленыя РУП «Белсаюздрук»? Але яго аддзяленне ад дзяржавы тое ж самае міністэрства ўпарта падкрэслівала, калі незалежныя газеты дамагаліся права вярнуцца ў кіёскі. Ці, можа, у нас ужо ёсць дзяржаўны орган, які называецца «Хросны бацька»?»

У рэдакцыі газеты лічаць, што у дадзеным выпадку інтарэсы пэўнай асобы чыноўнікі атаясамліваюць з дзяржаўнымі, забываючыся пра Канстытуцыю, паводле якой крыніца ўлады ў краіне — беларускі народ, у тым ліку чытачы і аўтары незалежнай прэсы.

«Калі што і наносіць шкоду рэальным дзяржаўным інтарэсам, то гэта папярэджанні падобнага кшталту. Бо яны ствараюць Беларусі ў свеце імідж краіны, дзе парушаецца адно з базавых правоў чалавека — права на свабоду слова. Яны ўскладняюць дыялог улады з незалежным грамадствам. Яны, у рэшце рэшт, адрываюць журналістаў ад іх працы на карысць чытачоў і прымушаюць займацца бюракратычнай руцінай. Ды і час і энергія працаўнікоў мінфіна трацяцца марна», — расказалі ў «Нашай Ніве».

Як раней пісаў Тэлеграф, недзяржаўная беларускамоўная газета «n#####n» на працягу аднаго тыдня атрымала два папярэджанні ад міністэрства інфармацыі за «Хроснага бацьку». У загалоўках артыкулаў, у якіх фігуравала дадзенае назва міністэрства інфармацыі выявіла «парушэнні». Абодва папярэджанні тычацца 25-га нумару газеты, які чытачы па ўсёй краіне не знайшлі ў кіёсках «Белсаюздруку».