"Наша Ніва" з матэрыялам пра Лукашэнку не з'явілася ў продажы

09.07.2010 10:51
Архив Редакция

Адзін з нумароў недзяржаўнай беларускамоўнай газеты "Наша Ніва" сёмага ліпеня не з'явіўся ў шапіках "Белсаюздруку". У 25-м нумары газеты на першай паласе быў апублікаваны артыкул, у якім распавядалася пра сітуацыю з Мытным саюзам, фільмам НТВ "Хросны бацька" і пра рэакцыю на яго беларускіх уладаў.

«Звычайна «НН» паступае ў продаж у Мінску ў сераду ў абед, у рэгіёнах — у чацвер з раніцы. Ні ў сераду, ні ў чацвер газета ў кіёсках не з’явілася. Хаця ў сераду газета выйшла з друкарні звычайным парадкам, у 08:00. І падпісчыкам прыйшла, як звычайна», — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце газеты.

У «Белсаюздруку» супрацоўнікам газеты адказалі, што нічога не ведаюць і што на аптовы склад газета паступіла.

Супрацоўнікі «Нашай Нівы» праехалі па розных раёнах горада і асабіста пераканаліся, што газеты ў кіёсках няма. «Усе астатнія газеты прыйшлі, як звычайна, а «Нашай Нівы» чагосьці няма», — казалі працаўнікі шапікаў. Аднак, у адным з кіёскаў у мінскім мікрараёне Кунцаўшчына кіяскёрка спаслалася на кіраўніцтва, якое паведаміла, што нумар не выйдзе.

«Па стане на 19:30 вечара (восьмага ліпеня) у Мінску мы таксама знайшлі два кіёскі ў раёне Нямігі, дзе газета пабывала ў продажы і цалкам была прададзеная. У іншых 32-х апытаных кіёсках газета не паступала», — рсказалі супрацоўнікі газеты.

Такая ж сітуацыя назіралася ў Горадні, Гомелі, Берасці, Лідзе, Салігорску, Барысаве, Белаазёрску. У Магілёве газета знайшлася ў адным кіёску.

«За мінулыя два гады быў толькі адзін выпадак, калі газета ў абласных цэнтрах з’явілася ў продажы ў пятніцу, а не ў чацвер. І не было ні аднаго выпадку, калі газета не з’яўлялася ў продажы ў Мінску ў чацвер», — канстатавалі ў рэдакцыі «Нашай Нівы».