НАТО: выбары ў Беларусі стануць тэстам для далейшых адносінаў

02.06.2010 10:53
Архив

Свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары будуць важным лакмусавым тэстам для далейшых стасункаў НАТО з Беларуссю. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Альянсу Джэймс Апатурай. "Прызнаныя міжнароднымі назіральнікамі выбары будуць станоўча расцэненыя НАТО", - сказаў афіцыйны прадстаўнік Альянсу.

Прэс-сакратар НАТО адзначыў таксама, што адносіны з Беларуссю сталі крыху лепшыя, чым былі раней. «Але для больш цесных стасункаў Беларусі і НАТО адсутнічаюць палітычныя перадумовы», — сказаў прадстаўнік Альянсу, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Я працую з НАТО даволі доўга і ўбачыў складаныя моманты ў адносінах Беларусі і НАТО, — расказаў Джэймс Апатурай. — Цяпер яны крыху лепшыя, чым былі. Для больш цеснага супрацоўніцтва абодва бакі павінны хацець гэтага. А таксама павінны быць палітычныя перадумовы. Пакуль жа іх няма, сітуацыя значным чынам не змянілася, і я не прадбачу хуткіх пераменаў. Гэта не тэхнічнае пытанне, а палітычнае».