Навумаў: па радзіме ў Расіі не сумую

11.06.2010 14:53
Архив Редакция

Былы міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў заявіў, што пакуль не можа сказаць, ці звязвае ён сваю будучыню толькі з Расіяй, дзе цяпер працуе. "Пажывем — пабачым. Масквічом яшчэ дакладна не стаў. І ніколі не стану. А па радзіме пакуль не сумую, але з часам, можа, і буду...", — сказаў экс-кіраўнік МУС.

Таксама Уладзімір Навумаў не стаў каментаваць чуткі пра тое, што па перададзенай ім сакрэтнай інфармацыі аб высокапастаўленых чыноўніках і прэзідэнце Беларусі расейскія сілавыя ведамствы рыхтуюць цяпер «шырокія аналітычныя запіскі», перадае «Народная воля».

«Я стопрацэнтна ўстрымаюся ад каментароў з нагоды ўсіх гэтых размоваў. Магу сказаць, што ўсё ў мяне ў жыцці добра», — заявіў былы міністр.

Па словах экс-кіраўніка МУС, у яго таксама не існуе праблемаў з уездам і выездам з Беларусі. «У Мінску бываю па меры неабходнасці — не так ужо і рэдка. Спакойна прыязджаю і гэтак жа спакойна з’язджаю», — сказаў Уладзімір Навумаў.

«Задаволены ўсім, што сёння маю: і заробкам, і колам зносінаў. Цяжка пакуль сказаць, ці найлепшая гэта мая праца — я пакуль пра гэта яшчэ не думаў», — дадаў экс-кіраўнік МУС.

Былы міністр унутраных спраў Беларусі генерал-лейтэнант Уладзімір Навумаў цяпер працуе ў дзяржкарпарацыі «Ростехнологии», дзе ўваходзіць у групу дарадцаў гендырэктара Сяргея Чэмезава.

Как вам новость?
Головоломки