Назіральнікі СНД пачнуць назіранне за выбарамі з 20 кастрычніка

07.10.2010 09:34
Архив Редакция

Назіральнікі ад СНД пачнуць назіранне за выбарамі прэзідэнта Беларусі з 20 кастрычніка. Кожная краіна самастойна вызначыць склад назіральнікаў, кандыдатуры якіх прадставіць для ўключэння ў склад місіі, заявіў кіраўнік місіі назіральнікаў СНД Сяргей Лебедзеў у сераду, 6 кастрычніка, атрымліваючы першае пасведчанне міжнароднага назіральніка ў Цэнтрвыбаркаме Беларусі.

У склад місіі доўгатэрміновых назіральнікаў ўвойдзе каля 35 чалавек, сярод якіх супрацоўнікі Выканкама СНД, дыпламаты краін СНД, акрэдытаваныя ў Мінску, а таксама супрацоўнікі Апарата Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы і Сакратарыята Саюзнай дзяржавы. Па словах Сяргея Лебедзева, усе яны з’яўляюцца «дасведчанымі людзьмі, знаёмымі з выбарчымі працэсамі і назіраннем», перадае БелТА.

Да кароткатэрміновага назірання місія СНД прыступіць за тры дні да выбараў, накіраваўшы ў Беларусь каля 400 чалавек. Плануецца, што гэта будуць прадстаўнікі краін СНД (дэпутаты, члены выбаркамаў, грамадскія дзеячы). Традыцыйна ў кароткатэрміновым назіранні за выбарамі прымуць удзел прадстаўнікі памежных тэрыторый — Смаленскай і Бранскай абласцей Расіі, Чарнігаўскай і Жытомірскай абласцей Украіны.

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што прыняць удзел у назіранні за выбарамі ў Беларусі змогуць толькі тыя, хто атрымаў запрашэння беларускага боку.

Лебедзеў: назіральнікі СНД дадуць аб’ектыўную ацэнку выбарам

Назіральнікі СНД дадуць аб’ектыўную ацэнку прэзідэнцкім выбарам, нягледзячы на рыторыку беларуска-расійскіх адносін. «Не думаю, што цяперашняя рыторыка на вышэйшым узроўні паўплывае на нашы ацэнкі», — заявіў Сяргей Лебедзеў.

Кіраўнік місіі назіральнікаў СНД падкрэсліў, што заўсёды кіруецца прынцыпамі аб’ектыўнасці, непрадузятасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржавы і выканання выбарчага заканадаўства краіны, дзе праходзяць выбары. Сяргей Лебедзеў запэўніў, што будзе няўхільна трымацца гэтых прынцыпаў і падчас будучых выбараў.

«Не буду ўтойваць, я як прадстаўнік Расійскай Федэрацыі паставіў у вядомасць кіраўніцтва Расіі аб вылучэнні мяне на пасаду кіраўніка місіі назіральнікаў СНД і атрымаў падтрымку і запэўненні, што буду кіравацца названымі прынцыпамі», — сказаў Сяргей Лебедзеў.

Как вам новость?