Названа самая прыгожая дзяўчына Беларусі

03.05.2010 17:01
Архив Редакция

30 красавіка падчас фінальнага шоў вызначылася пераможца VII Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь-2010». Уладальніцай пераходзячай кароны і тытулу «Міс Беларусь-2010» прызнана 22-гадовая прадстаўніца Горадні Людміла Якімовіч.

Рост Людмілы — 172 сантыметры, параметры 83-59-89. Самая прыгожая дзяўчына краіны вучыцца на пятым курсе інстытуту правазнаўства па спецыяльнасці «юрыдычная псіхалогія». «Да фіналу конкурсу ў мяне ўжо быў адзін тытул — «Міс Фота». Гэта таксама сур’ёзная ўзнагарода. Я і не марыла, што да яе дадасца галоўная стужка конкурсу «Міс Беларусь». Дзякуй усім, хто паверыў у мяне! Я сапраўды шчаслівая», цытуе словы Людмілы Якімовіч сайт тэлеканалу АНТ.

Сімвалам конкурсу і пераходзячай узнагародай з’яўляецца залатая карона, вырабленая на замове Нацыянальнай школы прыгажосці ў 2004 годзе. Упрыгожанне выканана з белага золата і паўтысячы фіянітаў і тапазаў. Варта адзначыць, што апроч кароны пераможцы таксама дастаўся грашовы прыз у памеры 50 млн. рублёў і тытул «Міс Фота». Першай Віцэ-міс стала Ганна Кіндрук з Пінску, якая таксама атрымала тытул «Міс Топ-мадэль» і прыз у 20 млн. рублёў. Тытул Другой Віцэ-міс і 10 млн. рублёў атрымала Настасся Харланава з Гомелю.

У журы фінальнага конкурсу былі прадстаўлены: міністр культуры Павел Латушка, расійскі спявак Сяргей Лазараў, кіраўнік прэзідэнцкага аркестру Віктар Бабарыкін, фрыстайліст Сяргей Грышын і іншыя. Сярод гледачоў можна было назіраць Алега Праляскоўскага, Наталлю Пяткевіч, і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, які сядзеў у атачэнні беларускіх прыгажунь — першай віцэ-міс «Інтэркантыненталь-2009» Марыі Есьман і мадэлі Юліі Сіндзеевай, паведамляе «n#####n».

Нагадаем, што Нацыянальны конкурс прыгажосці праводзіцца штогод з 1998 года, яго ўдзельніцы — пераможцы раённых і абласных конкурсаў прыгажосці. «Міс Беларусь» — не штогадовы конкурс, ён праводзіцца раз у два гады, у мінулы раз яго пераможцай стала Вольга Хіжынкава, якая атрымала тытул «Міс Беларусь-2008».

З 2008 года арганізацыяй і правядзеннем конкурсу «Міс Беларусь» займаецца тэлеканал ОНТ.

Как вам новость?
Головоломки