НББ дазволіў банкам адхіляцца ад курсу абмену валют на 10%

29.03.2011 12:06
Архив Редакция

Нацыянальны банк Беларусі 29 сакавіка 2011 года накіраваў у беларускія банкі рэкамендацыйны ліст з нагоды ўсталявання абменных курсаў замежных валют. Нацбанк прапаноўвае банкам ажыццяўляць здзелкі куплі-продажу замежнай валюты паміж банкамі і суб'ектамі гаспадарання па курсе, які не будзе адхіляцца ад афіцыйнага курсу больш, чым на 10%. Раней Нацбанк рэкамендаваў банкам адхіляцца ад афіцыйнага курсу не больш, чым на 2%.

Ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка растлумачылі, што падобныя меры дадуць банкам больш магчымасцяў для задавальнення попыту беларускіх прадпрыемстваў на замежную валюту і падвысяць зацікаўленасць экспарцёраў у рэалізацыі сваёй валютнай выручкі. Акрамя таго, у Нацбанку лічаць, што гэта таксама дасць магчымасць стварыць умовы для нарошчвання дзяржаўных золатавалютных рэзерваў, а ў перспектыве — для дасягнення знешнеэканамічнай збалансаванасці ў краіне.
У Нацбанку адзначылі, што з пачатку 2011 года праводзіцца работа па ўдасканаленні механізма функцыянавання ўнутранага валютнага рынку Беларусі. Асноўны акцэнт у развіцці гэтага рынку Нацбанк робіць на яго пазабіржавы сегмент, дзе могуць пераразмяркоўвацца да 70% сродкаў у замежнай валюце (паступаюць на рахункі прадпрыемстваў ад экспарту тавараў і паслуг).
«Пазабіржавы валютны рынак ужо ў бліжэйшай перспектыве павінен стаць найбольш ліквіднай і ёмістай часткай ўнутранага валютнага рынку, на якой попыт прадпрыемстваў на замежную валюту будзе задавальняцца банкамі на рынкавых прынцыпах максімальна аператыўна і ў поўным аб’ёме», — заявілі ў Нацбанку.

Как вам новость?