НББ: перамовы з Расіяй аб крэдыце перайшлі ў актыўную фазу

19.04.2011 15:05
Архив Редакция

Перамовы беларускага кіраўніцтва з Масквой аб выдзяленні крэдыту "ўступілі ў актыўную фазу". Пра гэта 19 красавіка заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі Мікалай Лузгін. Ён адзначыў, што цяпер праходзяць кансультацыі, бакі абменьваюцца інфармацыяй для "збліжэння сваіх пазіцый" і абмяркоўваюць перспектывы развіцця беларускай эканомікі.

«На гэтым тыдні нашы эксперты выязджаюць у Маскву, а ў пятніцу пройдзе сустрэча на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў нашых фінансавых ведамстваў», — цытуе Мікалая Лузгіна БелТА.

Па словах прадстаўніка кіраўніцтва Нацбанка, у выпадку атрымання крэдыту ЕўрАзЭС Беларусь зможа папоўніць золатавалютныя рэзервы. Акрамя таго, палепшыцца і сітуацыя на ўнутраным валютным рынку, дадаў ён.

Мікалай Лузгін адзначыў, што Расія з’яўляецца «асноўны донарам антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС» і праз яго гатовая даць Беларусі стабілізацыйны крэдыт.

Акрамя таго, цяпер расійскі бок дапамагае Беларусі падрыхтаваць праграму рэформаў рэспублікі. «Гэтая праграма мер павінна на базе структурнай перабудовы беларускай эканомікі вырашыць праблему адмоўнага сальда знешняга гандлю», — заявіў намеснік старшыні кіравання Нацбанка.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Беларусь звярнулася да ўрада Расіі і ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС за атрыманнем крэдытаў на агульную суму ў тры мільярды даляраў. Нядаўна міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын паведаміў, што перамовы па ўмовах фінансава-крэдытнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй могуць быць завершаны на працягу месяца.

Как вам новость?