Ініцыятару акцыі "Стоп бензін — 2" пагражае адміністрацыйны арышт

04.05.2011 13:54
Архив Редакция

Дырэктару інфармацыйна-асветніцкай установы "За Аўто" Арцёму Шаркову за акцыю "Стоп бензін — 2" у Мінску, ініцыятарам якой ён з'яўляецца, пагражае штраф да 30 базавых велічынь (1,05 млн. рублёў) альбо адміністрацыйны арышт на 15 сутак. У чацвер, 5 траўня, Арцёма Шаркова будуць судзіць у судзе Ленінскага раёна Мінску. Яму прад'яўленае абвінавачанне па арт. 23.34 КаАП ("Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў або пікетавання").

Паводле пратаколу, Арцём Шаркоў здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, «прыняўшы ўдзел у несанкцыянаваным Мінгарвыканкамам пікетаванні па вуліцы Леніна, 48, што выявілася ў публічным выражэнні пратэсту і прыцягненні ўвагі грамадзян да праблемы павышэння коштаў на паліва шляхам распаўсюджвання ўлётак з надпісам «Стоп-бензін. Мы супраць павышэння коштаў на паліва» кіроўцам аўтатранспартных сродкаў, якія заязджаюць на АЗС «Белнафтахім», паведамілі ў «За Аўто».

Арцём Шаркоў з высунутымі абвінавачаннямі не згодны. «Як і іншыя аўтааматары, я прыехаў на заправачную станцыю для таго, каб заправіць свой транспартны сродак, бо аўтамабіль ездзіць на бензіне, а не на паветры», — заявіў Арцём Шаркоў. Ён мае намер абскардзіць рашэнне суда ў выпадку, калі яно будзе вынесена не на яго карысць.

Акрамя таго, члены «За Аўто» звярнуліся да аўтааматараў з просьбай прыехаць на судовае слуханне ў суд Ленінскага раёна Мінску, каб «аказаць маральную падтрымку Арцёму Шаркову ў адстойванні агульнага права запраўляць свае аўтамабілі на АЗС па адэкватных коштах».

Как вам новость?
Головоломки