НДА заклікаюць ЕС ўважліва сачыць за Беларуссю

15.11.2010 17:02
Архив Редакция

Прадстаўнікі "трэцяга сектара" Беларусі падрыхтавалі сумесны зварот да еўракамісара па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфану Фюле. У сваім лісце члены грамадзянскай супольнасці заклікалі ўсе еўрапейскія структуры быць вельмі ўважлівымі да падзеяў і працэсаў у Беларусі, каб адрозьніваць рэальныя крокі і дзеянні з боку ўлады ад іх сімуляцыі.

Як стала вядома карэспандэнту Тэлеграфа, прадстаўнікі НДА прызналі, што з’яўленне ініцыятывы «Усходняе партнёрства» і інтэнсіфікацыя кантактаў Беларусі з ЕС паслужылі стымулам для далейшага развіцця грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

У той жа час, на думку членаў НДА, беларуская грамадзянская супольнасць пакуль знаходзіцца ў вельмі неспрыяльных умовах. «Наяўнасць крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных ініцыятываў, практыка неабгрунтаваных адмоваў у рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў і іншых формаў некамерцыйных арганізацый, адмоваў у рэгістрацыі праектаў, ігнараванне існых пляцовак для дыялогу гавораць аб дамінуючым падыходзе ў дачыненні дзяржавы да грамадзянскай супольнасці ў Беларусі», — адзначылі складальнікі звароту.

Прадстаўнікі НДА лічаць, што ў Беларусі ідзе імітацыя працэсаў дыялогу і ўзаемадзеяння з грамадзянскай супольнасцю. Пры гэтым складальнікі звароту адзначаюць, што гатовыя падтрымаць любыя рэальныя крокі беларускіх уладаў на збліжэнне з грамадзянскай супольнасцю на афіцыйным узроўні.

Для прасоўвання ў гэтым кірунку, на думку членаў НДА, неабходна дакладнае пазіцыянаванне бакоў дыялогу, гэта значыць прызнанне з боку дзяржавы тых суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, якія заяўляюць аб сваёй гатоўнасці да дыялогу. Таксама прадстаўнікі «трэцяга сектара» адзначаюць неабходнасць стварэння ўмоваў для дыялогу, у якіх бакі будуць раўнапраўнымі, і не будуць падвяргацца ціску або дыскрымінацыі.

«Неабходна спыненне рэпрэсій супраць грамадзкіх арганізацый, юрыдычнага і адміністрацыйнага ціску на іх, спыненне практыкі забароны на прафесію ў дачыненні да грамадзкіх дзеячаў і актывістаў, стварэнне ўмоваў для шырокага прадстаўлення ходу дыялогу ў СМІ», — адзначаюць складальнікі звароту.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 15 лістапада ў Мінску Штэфан Фюле адзначыў, што ЕС хацеў бы бачыць у Беларусі выразны і вымерным прагрэс у дачыненні да правоў чалавека і дэмакратыі. Прасоўванне ва ўказаных аспектах, па словах еўракамісара, дазволіць ЕС аднавіць і паглыбіць адносіны з Беларуссю.

Как вам новость?
Головоломки