Неафіцыйны курс безнаяўнага даляра перавышае курс НББ на 65%

10.05.2011 10:15
Архив Редакция

Неафіцыйны курс даляра ў беларускіх банках пры куплі безнаяўнай валюты перавышае афіцыйны курс Нацыянальнага банка ў сярэднім на 65%. Паводле прагнозаў фінансавых экспертаў, неафіцыйны курс захаваецца на такім жа ўзроўні ў бліжэйшыя два тыдні.

Самы выгадны курс пакупкі безнаяўнага даляра экспарцёрам прапануе «Белінвестбанк» — 5,1 тыс. рублёў. У выпадку, калі ўгода перавышае 20 тыс. даляраў, банк гатовы павялічыць курс да 5,15 тыс. рублёў за даляр. У сваю чаргу «Беларусбанк» гатовы купіць даляры у юрыдычных асобаў за 4,8 тыс. рублёў, а прадаць — за 5 тыс. рублёў.

Юрысты дзяржбанкаў тлумачаць, што для здзяйснення аперацыі неабходна праводзіць індывідуальныя перамовы з юрыдычнай асобай і заключаць дадатковае пагадненне. Для продажу валюты юрыдычнай асобе склікаецца фінансавы камітэт банка, які і прымае рашэнне аб мэтазгоднасці продажу валюты гэтай канкрэтнай фірме ці прадпрыемству.

Як адзначыла эканамістка Ірына Урбан, праз падобны адкладзены попыт на валюту не хапае прытоку валюты для яго здавальнення. Па словах эксперта, гэта можа прывесці да далейшага росту беспрацоўя. «Умацавання валюты пры такой сітуацыі не будзе. Да таго ж, будуць працягваць падаць экспарт і імпарт. Гэта паўплывае таксама на занятасць насельніцтва. 600 тыс. чалавек спынілі працу, паведаміў Белстат. Дык вось, гэта не канчатковая лічба, калі і далей будуць прымацца такія неэфектыўныя меры», — перакананая экспертка.

Як раней перадаваў Тэлеграф, нягледзячы на нежаданне беларускіх уладаў праводзіць дэвальвацыю рубля, Нацбанк Беларусі прыняў рашэнне з 12 траўня пашырыць калідор дапушчальных змяненняў курсу беларускага рубля да кошыка валют (даляр, еўра, расійскі рубель) з 8% да 12%. Адпаведнае рашэнне 5 траўня 2011 года было прынята праўленнем Нацбанка па ўзгадненні з органамі дзяржкіравання.

Міжнародны валютны фонд лічыць, што дадзенае рашэнне Нацбанка сітуацыю на валютным рынку не палепшыць. «Пашырэнне межаў калідора дазваляе ў пэўнай ступені павысіць гібкасць валютнага курса, але гэтае рашэнне не зменіць сітуацыю на валютным рынку», — заявіла кіраўніца прадстаўніцтва фонду ў Беларусі Наталля Калядзіна.

Как вам новость?
Головоломки