Неба ў самалётах

04.03.2010 11:32
Архив Редакция

Калі ўжо 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Расіі надаецца такое значэнне, дык чаму б не прайсці па Чырвонай плошчы і братам па зброі з краін СНД.

Мы ўсе – Амерыканцы й сказаць мы не баімся,
Жаўнеры мы свабоды і гэтым ганарымся..
Адныя з нас на планерах лятуць граміць супернікаў,
З нябёсаў скочыць іншыя на варожыя нам берагі.
Мы ўсе – амерыканцы і будзьма мы змагацца,
Пакуль вораг не сціхне альбо пакуль не здасца.
Няхай блакіт нябёсаў зацміць новы “гігант”
Да зоны высадкі прыходзіць паветраны дэсант.
І здзейсніўшы скачок, мы зробім наш рывок!
На перадзе чакае вір слаўных перамог!


«The All-American Soldier» — гімн 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі войска ЗША, напісаны ў гады Другой сусветнай вайны сяржантам Карлам Зігманам.

Адной з самых значных падзей 2010 года павінна стаць святкаванне 65-х угодак Перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. Юбілейную дату, прысвечаную сканчэннюю Другой сусветнай вайны ўрачыста адзначаць і ў дзяржавах былой антыгітлераўскай кааліцыі, а таксама ў шматлікіх іншых краінах свету. Генасамблея ААН, напрыклад, надоечы прыняла адмысловую рэзалюцыю, у якой нагадала сусветнай грамадскасці, што 8 і 9 мая з’яўляюцца міжнароднымі днямі «памяці і замірэння», у сувязі з чым усім дзяржавам-чальцам ААН, няўрадавым арганізацыям і прыватным асобам прапануецца «адпаведным чынам адзначыць гэту дату як даніну памяці незлічоным ахвярам Другой сусветнай вайны». Але асабліва старана да хуткага юбілею рыхтуюцца ў краінах СНД, і апафеозам святкаванняў абяцае стаць ваенны парад 9 мая на Чырвонай плошчы ў Маскве, які, як абяцаюць арганізатары, будзе «самым маштабным па колькасці ўдзельнікаў і відовішчнасці за ўсю гісторыю сучаснай Расіі». Адмысловую відовішчнасць параду надасць пралёт каля 140 адзінак авіяцыйнай тэхнікі, а таксама першы ў гісторыі праход па Чырвонай плошчы трох аўтаномных пускавых усталёвак ракетнага комплексу «Таполя-М». Акрамя таго, запрашэнне ў Маскву на святкаванні атрымаюць «усе жывыя ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, якія па стане здароўя захочуць у ім паўдзельнічаць». Зрэшты, гэтым разам ветэраны строям пад сценамі Крамля не пойдуць, затое ў іх гонар маскоўскія ўлады на чале з Ю.Лужковым прынялі рашэнне ўпрыгожыць сталіцу Расіі партрэтамі Сталіна і вялікімі інфармацыйнымі стэндамі, якія паказваюць ролю генералісімуса ў мінулай вайне і яго вырашальны ўнёсак у Перамогу над нямецкім фашызмам.

Аднак галоўным «хітом» праграмы правядзення параду 9 мая ў Маскве, і таксама ўпершыню ў гісторыі, павінен стаць удзел у ім вайскоўцаў …краін НАТО: ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Выпадак сапраўды беспрэцэндэнтны, бо за ўсю гісторыю не толькі постсавецкай Расіі, але і Савецкага Саюза, замежныя ваенныя госці маглі знаходзіцца на Чырвоным плошчы хіба што ў якасці гледачоў, на трыбунах. Тым не менш кіраўнік спраў прэзідэнта РФ Уладзімір Кожын пацвердзіў, што адпаведныя запрашэнні пасольствам і ваенным ведамствам ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ўжо ўручаны і нават атрымана іх папярэдняя згода. Варыянты разглядаюцца розныя, але мяркуецца, што Злучаныя Штаты будзе прадстаўляць армейскае падраздзяленне колькасцю да роты ў сучасным экіпіяванні са штатнай зброяй, а таксама адзін з ваенных аркестраў ЗША. Францыя разглядае магчымасць удзелу ў парадзе 70-ці ваенных авіятараў, якія пройдуць па Чырвонай плошчы пад сцягам палка «Нармандыя-Нёман», аналагічнае па колькасці ваеннае падраздзяленне прадставіць і Вялікабрытанія. Трэба сказаць, гэта рашэнне маскоўскага кіраўніцтва ў самай Расіі выклікала вельмі неадназначную рэакцыю, у чым лёгка пераканацца, панаглядаўшы за дыскусіямі, якія развярнуліся ў рускамоўным Інтэрнэце. У якасці прыкладу магу прывесці артыкул Андрэя Арэшава: «Салдаты НАТО на Чырвонай плошчы», апублікаваны на сайце выдання «Стагоддзе». Ужо ў самым яго пачатку аўтар саркастычна заўважае: «Вітаць вызваліцеляў Косава, Ірака, Афганістана (а праз пару гадоў, магчыма – і Ірана) з крамлёўскіх трыбун будуць Барак Абама, Гордан Браўн і Нікаля Сарказі (а заадно і барацьбіты з фашызмам калібра паменш, накшталт прэзідэнта Латвіі Валдыса Затлерса)». Услед за гэтым ён ставіць пытанне рубам , цытуючы нечы абураны ліст, змешчаны на адным з расійскіх Інтэрнэт-форумаў: «Перамогу над кім адзначаюць саюзныя войскі краін НАТО ў сталіцы нашай Радзімы? …Большасць цяперашніх чальцоў НАТО ў мінулым самі актыўныя ўдзельнікі гітлераўскага ўварвання на тэрыторыю нашай краіны і запісаны пасля вайны ў «краіны-пераможцы» толькі па палітычных меркаваннях. Можна ўпэўнена сказаць, што з 1941 па 1944 гады мы ў Еўропе ў адзіночку супрацьстаялі ўсёй кантынентальнай часткі цяперашняга блока НАТО — той, пра-НАТО ўзору 1941 года, пад кіраўніцтвам А. Гітлера, — і ў адзіночку паставілі гэта НАТО ўзору 1941 года на грань разгрому, што не лішнім было б нагадаць усім нашым партнёрам па АГК, уключаючы і тых, хто памкнуўся маршаваць на Чырвонай Плошчы».

Не ў поўнай меры падзяляючы радыкальны пункт гледжання складальнікаў гэтага ліста, А.Арэшаў тым не менш заўважае: «Менш за ўсё хацелася б далучацца да безпадстаўных крытыкаў рашэння пра правядзенне дэ-факта сумеснага параду, якіх, заўважым, нямала. …Аднак падбор замежных удзельнікаў гэтага грандыёзнага дзейства, прадстаўленых, заўважым, зусім не ветэранамі, усё ж выклікае некаторыя пытанні. Напрыклад, чаму ў такім разе не будуць удзельнічаць у маскоўскім Парадзе Перамогі ў Маскве падраздзяленні Ўзброеных Сіл Сербіі, Беларусі, Арменіі, Украіны, Азербайджана, іншых рэспублік былога СССР? Бо ўнёсак гэтых народаў, якія сталі воляю шэрагу акалічнасцяў цяпер незалежнымі дзяржавамі, у агульную перамогу над ворагам …па маштабах панесеных чалавечых страт ці пакладзеных на алтар агульнай перамогі рэсурсаў цалкам супастаўны з унёскам іншых саюзнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі. Узнаўленне гістарычнай праўды пра баявое братэрства народаў Савецкага Саюза (аб’яднаных усведамленнем агульнай небяспекі, а не імкненнем «вычакаць на гары», пакуль супернікі знясіляць сябе ў смяротнай сутычцы) з’яўляецца неабходным складнікам, які неабходна ўлічваць у рамках абвешчанай барацьбы з гістарычнымі фальсіфікацыямі. …Кадры салдатаў натаўскіх «рэйнджараў», якія выкрочваюць па крамлёўскім бруку, могуць быць (і абавязкова будуць) успрыняты як парад пераможцаў, але ў вайне зусім іншай, чым тая, якая, як нам чамусьці здаецца, скончылася ў 1945 годзе…»

У чымсьці А.Арэшаў, вядома, мае рацыю. Калі ўжо 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Расіі надаецца такое вялікае палітычнае значэнне, дык чаму б не прайсці маршам па Чырвонай плошчы разам з расійскімі салдатамі і братам па зброі з іншых краін СНД. Праўда, для гэтага Маскве прыйдзецца прызнаць існаванне незалежных Беларусі, Украіны, Казахстана, іншых постсавецкіх дзяржаў, уключаючы Грузію, якія цяперашняе кіраўніцтва Расіі лічыць толькі нейкім часовым адміністрацыйным непаразуменнем. Што ж тычыцца ўдзелу ў парадзе вайскоўцаў з краін НАТО, дык у прынцыпе тут няма нічога звышнатуральнага. Падобная практыка існуе ва ўсім свеце, хоць, сумленна кажучы, я дорага заплаціў бы за тое, каб убачыць як расійскія вайскоўцы чаканячы крок стройнымі калонамі ў адзіным парыве аддаюць гонар Бараку Обаме, які стаіць на трыбуне маўзалею Леніна… Зрэшты, прыезд прэзідэнта ЗША ў Маскву 9 мая пакуль застаецца адкрытым, няма канчатковага адказу і ад прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Гордана Браўна, а вось Нікаля Сарказі будзе напэўна. Акрамя іх, на імпрэзу 65-годдзя Перамогі запрошаны ўсе кіраўнікі дзяржаў СНД, у тым ліку і А.Лукашэнка, а таксама, наколькі я ведаю, прэзідэнты краін Балтыі. Адзіным выключэннем стаў прэзідэнт Грузіі М.Саакашвілі, якому ўезд на тэрыторыю Расіі зачынены назаўжды. Ці стане парад Перамогі ў Маскве з удзелам вайскоўцаў краін НАТО ў нейкім сэнсе «парадам пераможцаў у халоднай вайне», пра што кажа А.Арэшаў? Ва ўсякім разе расійскія ветэраны ў гэтым абсалютна перакананы і таму заклікаюць сваіх суайчыннікаў да самых рашучых акцый пратэсту. Не менш непрымірымы настрой і кіраўніцтва Агульнарасійскага афіцэрскага сходу, якое паабяцала 9 мая замест «параду НАТО» ўчыніць у Маскве і іншых гарадах Расіі «другі Сталінград»…

Толькі што гэта зменіць у прынцыпе? «Халодная вайна» Расіяй сапраўды прайграна, прычым ушчэнт, па-за залежнасцю ад таго, пройдуць 9 мая «натаўцы» па Чырвонай плошчы, ці не. Адбылося ўсё тое, што з абсалютнай дакладнасцю прадказаў роўна 64 гады назад геніяльны палітык і грамадскі дзеяч Уінстан Чэрчыль, выказаўшы сваю вялікую прамову ў амерыканскім мястэчку Фултане. Аднак дагэтуль, як мне здаецца, гэты выбітны дакумент для большасці з нас застаецца невядомым. Карыстаючыся выпадкам, гэты прабел мне б і хацелася ў нейкай ступені запоўніць. Такім чынам, савецкая кананічная версія абвяшчае, што як толькі Ўінстан Чэрчыль 5 сакавіка 1946 года на адкрыцці Вестмінстарскага каледжа ў амерыканскім горадзе Фултане выказаў сваю прамову, як тут жа «халодная вайна» і пачалася. Іосіф Сталін у сваю чаргу неадкладна даў адпор свайму былому партнёру па антыгітлераўскай кааліцыі, заявіўшы са старонак газеты «Правда»: Чэрчыль зараз стаіць на пазіцыі падпальшчыка вайны, заклікае да вайны са СССР, грубіянска і беспардонна паклёпнічае на Савецкі Саюз. Некалькім пакаленням савецкіх людзей даводзілася прымаць гэту версію на веру, таму як упершыню з Фултанаўскай прамовай яны змаглі пазнаёміцца толькі пасля таго, як «халодная вайна» была фактычна скончана. І апынулася, што гэта гаворка зусім не была такой ужо «ненавісцніцкай». Прывяду толькі некалькі яе галоўных момантаў. Першым чынам Чэрчыль казаў пра СССР: «На карціну свету, гэтак нядаўна азораную перамогай саюзнікаў, упаў цень. Ніхто не ведае, што Савецкая Расія і яе міжнародная камуністычная арганізацыя намерваюцца зрабіць у найбліжэйшай будучыні і якія межы іх экспансіянісцкім і веразваротніцкім тэндэнцыям. Я глыбока захапляюся і паважаю доблесны рускі народ і майго таварыша ваеннага часу маршала Сталіна. У Англіі — я не сумняваюся, што і тут (гэта значыць у ЗША) таксама, — выношваюць глыбокую спагаду і добрую волю да ўсіх народаў Расіі і рашучасць пераадолець шматлікія рознагалоссі і зрывы ў імя ўсталявання трывалага сяброўства. Мы разумеем, што Расіі неабходна забяспечыць бяспеку сваіх заходніх меж ад магчымага аднаўлення германскай агрэсіі. Мы рады бачыць яе на сваім законным месцы сярод вядучых сусветных дзяржаў. Мы вітаем яе сцяг на морах. І першым чынам мы вітаем сталыя, частыя і мацнеючыя сувязі паміж рускім і нашымі народамі па абодва бакі Атлантыкі. Аднак я лічу сваім абавязкам выказаць вам некаторыя факты пра цяперашняе становішча ў Еўропе…»

А становішча ў Еўропе пасля сканчэння Другой сусветнай вайны, у інтэрпрэтацыі Чэрчыля, складалася наступным чынам: «Ад Штэціна на Балтыцы да Трыеста на Адрыятыцы на кантынент апусцілася «жалезная заслона». Па той бок заслоны ўсе сталіцы старажытных дзяржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы: Варшава, Берлін, Прага, Вена, Будапешт, Бялград, Бухарэст, Сафія. Усе гэтыя знакамітыя гарады і насельніцтва ў іх раёнах апынуліся ў межах таго, што я заву савецкай сферай, усе яны ў той ці іншай форме падпарадкоўваюцца не толькі савецкаму ўплыву, але і значнаму і ўсё нарастальнаму кантролю Масквы. …Польскі ўрад, змешчаны пад панаваннем рускіх, заахвочваецца да велізарных і несправядлівых замахаў на Германію, што вядзе да масавых выгнанняў мільёнаў немцаў у сумных і нябачаных маштабах. Кампартыі, якія былі вельмі малалікія ва ўсіх гэтых дзяржавах Усходняй Еўропы, дасягнулі вылучнай моцы, якая нашмат пераўзыходзіць іх колькасць, і ўсюды імкнуцца ўсталяваць таталітарны кантроль. Амаль усе гэтыя краіны кіруюцца паліцэйскімі ўрадамі, і …у іх няма сапраўднай дэмакратыі. Турцыя і Персія глыбока занепакоены і заклапочаны з нагоды прэтэнзій, якія да іх прад’яўляюцца, і таго ціску, якому яны падвяргаюцца з боку ўрада Масквы…» І далей: «Бяспека свету патрабуе новага адзінства ў Еўропе, ад якога ніводны бок не варта адштурхваць назаўжды. Ад сварак гэтых моцных карэнных расаў у Еўропе адбываліся сусветныя войны, сведкамі якіх мы з’яўляліся ці якія ўспыхвалі ў ранейшыя часы. Двойчы на працягу нашага жыцця Злучаныя Штаты супраць сваіх жаданняў і традыцый і ў супярэчнасці з аргументамі, якія немагчыма не разумець, уцягваліся непераадольнымі сіламі ў гэтыя войны для таго, каб забяспечыць перамогу правай справы, але толькі пасля жудаснай бойні і спусташэнняў. Двойчы Злучаныя Штаты былі змушаны пасылаць на вайну мільёны сваіх маладых людзей за Атлантычны акіян. Але ў наш час вайна можа закрануць любую краіну, дзе б яна ні знаходзілася паміж заходам і світанкам. Мы, безумоўна, павінны дзейнічаць са свядомай мэтай вялікага супакаення Еўропы ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і ў адпаведнасці з яе Статутам. Гэта, па маім меркаванні, палітыка вылучнай важнасці».

Адной з галоўных небяспек чалавецтва ў сваёй прамове Чэрчыль заве тыраніі, цытую: «Мы не можам заплюшчваць вочы на тое, што свабоды, якімі карыстаюцца грамадзяне ва ўсёй Брытанскай імперыі, не дзейнічаюць у значнай колькасці краін; некаторыя з іх вельмі магутныя. У гэтых дзяржавах улада навязваецца простым людзям усёпранікальнымі паліцэйскімі ўрадамі. Улада дзяржавы ажыццяўляецца без абмежавання дыктатарамі або цесна згуртаванымі алігархіямі, якія пануюць з дапамогай прывілеяванай партыі і палітычнай паліцыі. Мы павінны нястомна і бясстрашна абвяшчаць вялікія прынцыпы волі і праў чалавека, якія …здабылі свой самы знакаміты выраз у Дэкларацыі Незалежнасці. Яны азначаюць, што народ любой краіны мае права і павінен быць у сілах пасродкам канстытуцыйных дзеянняў, шляхам вольных нефальсіфікаваных выбараў з таемным галасаваннем абраць ці змяніць характар ці форму кіравання, пры якой ён жыве; што панаваць павінны воля слова і друку; што суды, незалежныя ад выканаўчай улады і не знаходзяцца пад уплывам якой-небудзь партыі, павінны праводзіць у жыццё законы, якія атрымалі ўхвалу значнай большасці насельніцтва або асвячоны часам ці звычаямі. Гэта асноватворныя правы на волю, якія павінны ведаць у кожным доме. …Давайце ж прапаведаваць тое, што мы робім, і рабіць тое, што мы прапаведуем»…

Іншымі словамі, Чэрчыль казаў зусім не пра вайну, а пра свет. Ён разважаў пра пагрозу СССР заходняму свету. Яго гаворка была «антырускай» ці «антысавецкай» толькі ў антыкамуністычным аспекце. Ён меркаваў, што эпоха антыгітлераўскай кааліцыі скончылася, настае эра глабальнага суперніцтва, калі не трэба будаваць ілюзій, а трэба быць гатовымі да барацьбы за свае ідэалы, а калі дакладней – за выжыванне. Магчыма, у нейкім сэнсе Чэрчыль і заклікаў да «халоднай вайны», але выключна замест вайны «гарачэй». Адначасова ён прапанаваў усяляк выкарыстоўваць ААН для ўрэгулявання разнастайных канфліктаў… Галоўнае наступства гаворкі Чэрчыля – кансалідацыя Еўропы, а таксама Еўропы і ЗША. А зараз задайце пытанне – што магло здарыцца, калі б такой кансалідацыі не адбылося? Ці можна было ў тыя гады гарантаваць, што Сталін не рушыў бы войскі ў Югаславію? Не анексаваў бы частку Турцыі, не паспрабаваў бы замацавацца ў Грэцыі і падарваць знутры Францыю і Італію, дзе пасля вайны ва ўрадах камуністы займалі даволі моцныя пазіцыі? Ці была поўная ўпэўненасць, што пасля таго, як Сталін атрымаў у свае рукі атамную зброю, ён не вырашыўся б лакальна ёй скарыстацца? ЗША ж вырашыліся, чаму б і Расіі не паспрабаваць?… Так, Чэрчыль падзяліў свет «жалезнай заслонай» на дзве абсалютна нераўнавартасныя часткі, але і тут, «за заслонай» у нашых людзей была магчымасць параўноўваць два жыццёвыя ўклады, а значыць заставалася надзея на змены да лепшага. І як бы не лаялі Чэрчыля нашы ідэолагі, нельга не пагадзіцца з былым прэзідэнтам ЗША Р.Рэйганам, які сказаў: «З Фултанскай прамовы нарадзіўся не толькі Захад, але і свет на нашай планеце». У гэтым свеце, пры ўсіх яго недахопах, мы і жывём. Дакладней, жылі да самага апошняга часу, пакуль у Еўропе не павалілася «жалезная заслона» і не разваліўся спачатку «сацыялістычны лагер», а затым і Савецкі Саюз.

Але вось парадокс, здавалася б сёння, роўна праз 64 гады пасля пачатку «халоднай вайны» нашым айчынным тыраніям (па тэрміналогіі Чэрчыля) трэба б канчаткова прызнаць сваю поўную і безумоўную паразу. А вось гэтага ім катэгарычна не хочацца. Нажаль, і праз шэсць з паловай дзесяцігоддзяў пасля жахлівай вайны гэтыя тыраніі толькі злёгку «мадэрнізаваліся», вонкава стаўшы больш «гуманнымі», але не страціўшы пры гэтым ні ў Беларусі, ні ў Расіі сваёй глыбіннай унутранай сутнасці. Спрэс прайграўшы эканамічнае спаборніцтва з Захадам, новыя-старыя постсавецкія рэжымы зацята чапляюцца за «сваё» гераічнае ваеннае мінулае, нават нягледзячы на тое, што большасць састарэлых ветэранаў, якія дажылі да гэтага дня, не маюць чалавечага жытла і вядуць жаласнае галаднаватае існаванне. Вось таму расійскія патрыёты так нервова рэагуюць на магчымы ўдзел у парадзе Перамогі вайскоўцаў з краін НАТО, успрымаючы іх прысутнасць як асабістую абразу. Хоць абражацца тут няма чаму – трэба ўмець прайграваць. Толькі мне чамусьці здаецца, што «халодная вайна» насамрэч яшчэ далёка не скончана. Ва ўсякім разе стэнды з партрэтамі Сталіна на вуліцах Масквы і іншых расійскіх гарадоў асабліва выразна будуць сведчыць пра зваротную сітуацыю. Акрамя таго, як сказаў калісьці Чэрчыль, дагэтуль «ніхто не ведае, што Расія намерваецца зрабіць у найбліжэйшай будучыні і якія межы яе экспансіянісцкім і веразваротніцкім тэндэнцыям». А гэта значыць, што Дзень Перамогі 9 Мая яшчэ доўга не стане ў нас Днём памяці і замірэння, на што так настойліва заклікае ААН усе народы свету. Затое зноў будзе неба ў самалётах, шмат шумных салютаў і пафасных гаворак пра Вялікую Перамогу над ворагам пры поўнай адсутнасці хоць якіхсьці дасягненняў у рэальным жыцці. Як тут не ўспомніць мудрыя словы старажытнагрэцкага філосафа Платона, якія былі вымаўлены ім амаль дзве з паловай тысячы гадоў таму назад і не страцілі сваёй актуальнасці дагэтуль: «Першая і лепшая перамога – гэта перамога над сабой; а патрываць паразу ад самога сябе – гэта самае ганебнае і жудаснае на свеце»…
 

Как вам новость?