Некаторыя ўладальнікі элітных катэджаў атрымаюць зніжкі па ЖКГ

22.07.2010 15:16
Архив Редакция

У Беларусі рыхтуецца праект пастановы ўрада, якая прадугледжвае прадстаўленне льготаў на аплату шэрагу паслуг ЖКГ асобным катэгорыям грамадзянаў, якія пражываюць у элітных катэджах і дамах вялікай плошчы. Пра гэта 22 ліпеня паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалай Ліпень.

«Цяпер абмяркоўваецца гэтае пытанне, рыхтуецца праект пастановы. Мяркуецца вызначыць катэгорыю грамадзянаў, якім можа быць прадастаўлена магчымасць аплаты паслуг ЖКГ не па эканамічна абгрунтаваных выдатках, а па звычайных тарыфах», — адзначыў намеснік міністра, паведамляе БелТА.

Мікалай Ліпень лічыць, што дакумент будзе прыняты да пачатку цяперашняга ацяпляльнага сезону. Пры гэтым намміністра заявіў, што жыллёва-камунальная гаспадарка Беларусі гатовая да новага ацяпляльнага сезону больш чым на 50%. «Міністэрства праводзіць штотыднёвы маніторынг выканання заданняў па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду па 64 паказчыках», — адзначыў Мікалай Ліпень.

Так, на 80% выкананы працы па выпрабаванні кацельняў і цеплавых сетак, на 60% праведзены прафілактычны рамонт кацельняў і цэнтральных ацяпляльных пунктаў, расказаў прадстаўнік міністэрства. Пашпарты гатоўнасці атрымала 77 з 2940 цеплавых крыніц, якія знаходзяцца на абслугоўванні арганізацыяў ЖКГ, дадаў Мікалай Ліпень, перадае БелаПАН.

З пачатку года заменена 289 кіламетраў цеплавых сетак. Заданне на гэты год складае 730 кіламетраў. Пры гэтым больш за 90% аб’ёму выконваецца папярэдне ізаляванымі трубамі. Ствараюцца таксама запасы паліва: назапашана 22 тыс. тон мазуту (амаль 100% заданні), 15,2 тыс. тон рэзервовага паліва (90%), 650 тыс. тон дроваў (53%).

Акрамя таго, як адзначыў намеснік міністра, вядзецца праца па падрыхтоўцы жыллёвага фонду. З пачатку года здадзена ў эксплуатацыю 550 тыс. квадратных метраў жылля пасля капрамонту (44%), 236 тыс. квадратных метраў — пасля цеплавой мадэрнізацыі (70%). Праводзіцца таксама рамонт дахаў, сутыкаў, праверка і замена абсталявання па ўліку расходу цяпла.

Как вам новость?
Головоломки