Неплацельшчыкі паслуг ЖКГ з адключанай каналізацыяй пачалі пагашаць даўгі

05.08.2010 14:08
Архив Редакция

Жыхары адной з мінскіх кватэраў, чыя запазычанасць за паслугі ЖКГ складала амаль 25 млн. рублёў, праз сем дзён пасля блакіроўкі сістэмы водаадвядзення, пакрылі асноўны доўг. Пра гэта паведаміла дырэктарка жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастку № 61 Іна Ясінская.

Па словах дырэктаркі ЖЭУ, у дадзенай кватэры разам з гаспадыняй-пенсіянеркай зарэгістраваныя і пражываюць двое дарослых працаздольных сыноў. Пасля пагашэння асноўнага доўгу ў сям’і засталася пеня амаль у 20 млн. рублёў. Як патлумачыла прадстаўніца ЖЭУ, па законе яе можна спісаць. Адпаведнае рашэнне павінна быць прынята ў адміністрацыі раёна, зыходзячы з плацежаздольнасці і матэрыяльнага становішча заяўніка.

Акрамя пагашэння асноўнага доўгу жыхарам неабходна выплаціць 110 тыс. рублёў за блакаванне і наступную разблакіроўку сістэмы водаадвядзення, распавялі ў ЖЭУ. Для падключэння газу, вады і электраэнергіі неабходна разлічыцца па наяўным даўгах з прадпрыемствамі-пастаўшчыкамі і аплаціць падключэнне гэтых паслуг. На працягу трох дзён пасля аплаты ў кватэры адновяць прадстаўленне камунальных паслуг, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».

Іна Ясінская таксама расказала, што адзіны жыхар іншай, трохпакаёвай, кватэры ў Мінску, дзе таксама адключылі каналізацыю, унёс аплату ў памеры 200 тыс. рублёў. Агульны доўг мінчука складае 2,6 млн. рублёў. Тым не менш, мужчына не захацеў звяртацца ў ЖЭУ або ў разлікова-даведачны цэнтр, каб яму склалі графік пагашэння пазасталай запазычанасці і аднавілі прадстаўленне камунальных паслуг.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у Мінску ў двух кватэрах у доме № 9 па вуліцы Карбышава за шматмільённую запазычанасць за камунальныя паслугі было заблакавана водаадвядзенне. Гэты новы спосаб ўздзеяння на неплацельшчыкаў плануюць актыўна выкарыстоўваць у будучыні.

Как вам новость?
Головоломки