Незаконна асуджаны прабыў у турме дзесяць гадоў

16.02.2011 12:25
Архив Редакция

У 2001 годзе Мінскі абласны суд прысудзіў 37-гадоваму Яўгену Мірановічу з Жодзіна 30 гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым у разбоі і забойстве. За яго заступілася група жанчын, і праз недаказанасць удзелу мужчыны ў разбоі яго вызвалілі з калоніі строгага рэжыму датэрмінова. Пра гэта паведаміла юрыстка Тамара Сяргей.

«Яшчэ да ўступлення прысуду ў законную сілу Мірановіч двойчы спрабаваў абскардзіць судовае рашэнне ў Вярхоўным судзе. Аднак скаргі не былі прынятыя да разгляду па фармальных прычынах. Маці асуджанага Ніна Мірановіч не сумнявалася ў невінаватасці сына і на працягу шасці гадоў безвынікова спрабавала аднавіць справядлівасць, звяртаючыся ва ўсе інстанцыі суда і пракуратуры Варта адзначыць, што ў 2002 годзе па амністыі і ў 2003 годзе ў сувязі са змяненнем заканадаўства тэрмін зняволення Мірановіча быў скарочаны сумарна на пяць гадоў, — цытуе Тамару Сяргей БелаПАН.

З 2007 года Ніна Мірановіч дамагалася справядлівасці сумесна з групай жанчын, якія пацярпелі ад асабліва цяжкіх злачынстваў і не згодныя з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх родных.

«Толькі ў 2010 годзе Генеральная пракуратура вынесла пратэст на прысуд Мінскага абласнога суда па крымінальнай справе Яўгена Мірановіча. Затым прэзідыум Вярхоўнага суду часткова задаволіў пратэст Генпракуратуры: за недаказанасцю ўдзелу Міронавіча з яго было знята абвінавачанне ў разбоі, асуджаны быў прызнаны вінаватым у забойстве без абцяжарвальных акалічнасцяў. У выніку разам з дзвюма амністыямі тэрмін пакарання Мірановіча скараціўся на 15 гадоў і на днях ён быў вызвалены, прабыўшы ў зняволенні менш за дзесяць гадоў, — сказала юрыстка.

Аднак яна лічыць, што Вярхоўны суд быў абавязаны прызнаць незаконнасць і неабгрунтаванасць рашэнняў суда па справе Яўгена Мірановіча — у абвінаваўчым прысудзе і іншых матэрыялах не было ніякіх доказаў віны мужчыны. «Аднак Вярхоўны суд спалохаўся адказнасці за тое, што на працягу многіх гадоў даваў фармальныя адпіскі, а не разглядаў па законе скаргі асуджанага і яго адваката», — заявіла Тамара Сяргей.

Как вам новость?