Някляеў абяцае не згортваць кампанію "Гавары праўду!"

31.07.2010 11:14
Архив Редакция

Гаспадарчы суд Мінску 29 ліпеня задаволіў іск Мінгарвыканкама і прызнаў дамову арэнды памяшкання даследча-асветніцкай установы "Рух наперад" у ТАА "Тина Влати" несапраўдным. Гэта дае юрыдычную падставу для ліквідацыі ўстановы. Аднак, дырэктар "Руху" Уладзімір Някляеў заявіў, што кампанія "Гавары праўду!" будзе працягнутая ў любым выпадку.

Ва Уладзіміра Някляева дзеянні суддзі Андрэя Аляшкевіча выклікаюць здзіўленне. «Спачатку ён прымае рашэнне аб тым, што «Рух наперад» працуе ў адпаведнасці з заканадаўствам, што ўсе дакументы аб рэгістрацыі аформленыя правільна. А праз некаторы час ён выносіць супрацьлеглае рашэнне на падставе адных і тых жа дакументаў», — сказаў лідар грамадзянскай кампаніі. 
На думку Уладзіміра Някляева, у сучасным беларускім грамадстве ідзе працэс маральнага раскладання. «Каб паспрабаваць яго прадухіліць я і пайшоў у палітыку», — сказаў лідар кампаніі, дадаўшы, што «штодня адбываюцца дзясяткі, сотні выпадкаў, калі пад ціскам вышэйшых інстанцыяў суддзі, чыноўнікі мяняюць свае рашэнні», — перадае БелаПАН. 
Па словах Уладзіміра Някляева, улады робяць усё, каб спыніць дзейнасць грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», а адмена рэгістрацыі зробіць яе незаконнай, за гэта прадугледжана крымінальная адказнасць. Тым не менш удзельнікі кампаніі падалі рашэнне Гаспадарчага суда на абскарджанне ў вышэйстаячай інстанцыі. 
Калі ж просьбу не задаволяць і кампанію пазбавяць рэгістрацыі, у «Руху наперад» будзе адзін выхад — зарэгістраваць новую арганізацыю, сказаў Уладзімір Някляеў. «Мы займаліся гэтым пытаннем яшчэ да судовых пасяджэнняў, бо разлічвалі на не найлепшае для нас развіццё падзей», — паведаміў палітык.

Как вам новость?