Някляеў будзе змагацца за вызваленне Саннікава

25.05.2011 13:07
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў, які высоўваўся на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе і асуджаны па "справе 19 снежня", заявіў, што будзе змагацца за вызваленне свайго суперніка на прэзідэнцкіх выбарах Андрэя Саннікава. "Мы можам па-рознаму глядзець на некаторыя рэчы, але мы партнёры, што было пацверджана падчас выбарчай кампаніі", — заявіў Уладзімір Някляеў.

«Я буду змагацца за вызваленне Саннікава, каб потым мы разам маглі дамагацца лепшай будучыні для нашай краіны», — дадаў экс-кандыдат.

Уладзімір Някляеў публічна выказаў сваю падзяку людзям, якія падтрымлівалі рух «Гавары праўду!» і працавалі падчас перадвыбарнай кампаніі ў выбарчым штабе кандыдата. Па словах палітыка, гэтыя людзі «сваім аўтарытэтам не дазволілі навакольным забыцца, што палітвязні сёння гэта не толькі кандыдаты ў прэзідэнты, але і звычайныя актывісты».

Пасля вызвалення з-пад варты Уладзіміра Някляева лідары кампаніі «Гавары праўду» прынялі рашэнне ўзяць своеасаблівае шэфства над асуджанымі па «справе 19 снежня», за тымі, хто пацярпеў фізічна і мае патрэбу ў падтрымцы, распавялі ў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Някляеў узяў шэфства над Вінаградавым

Так, лідар кампаніі бярэ шэфства над Паўлам Вінаградавым, асуджаным за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Мінску на чатыры гады калоніі строгага рэжыму. Андрэй Дзмітрыеў бярэ шэфства над Васілём Парфянковым, асуджаным на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Сяргей Вазняк бярэ шэфства над Алегам Гнедчыкам, асуджаным на 3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Аляксандр Фядута бярэ шэфства над Маяй Абрамчык, якая мае патрэбу ў працяглай рэабілітацыі з-за траўмаў, атрыманых 19 снежня ад супрацоўнікаў міліцыі.

Актывісты «Гавары праўду!» будуць знаходзіцца на пастаяннай сувязі з асуджанымі і пацярпелымі і па магчымасці максімальна садзейнічаць вырашэнню праблем, якія ў іх будуць узнікаць.

«Нягледзячы на тое, што мы атрымалі ўмоўныя тэрміны, мы не лічым, што маем права забыцца пра працэсы. Наша адносная свабода дае нам магчымасць дзейнічаць. Мы абавязаны выкарыстаць гэтую магчымасць у першую чаргу для падтрымкі тых, хто быў незаконна асуджаны і пацярпеў фізічна», — заявіў Андрэй Дзмітрыеў.

«Галоўнае, на мой погляд, каб нашы таварышы ведалі — мы думаем пра іх пастаянна і гатовыя рабіць усё, што ад нас залежыць, каб паскорыць іх вяртанне да нармальнага жыцця», — адзначыў Сяргей Вазняк, які правёў больш за 40 дзён у СІЗА КДБ, чакаючы прысуду па «справе 19 снежня».

Як раней перадаваў Тэлеграф, 20 траўня, суд Фрунзенскага раёну вынес прысуды ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, а таксама чатырох іншых апазыцыйных актывістаў, абвінавачаных па «справе 19 снежня». Уладзіміра Някляева за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» суд прысудзіў да двух гадоў абмежавання волі з адтэрміноўкай на два гады, Віталя Рымашэўскага — двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваннем на два гады.

Как вам новость?
Головоломки