Някляеў: дэмсілы перамогуць толькі ў выпадку аб'яднання

14.09.2010 15:00
Архив Редакция

Лідар грамадcкай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў заявіў аб тым, што шанцы дэмакратычных сіл на перамогу ў прэзідэнцкіх выбарах вельмі вялікія ў выпадку аб'яднання ўсёй апазіцыі. Разам з тым, па словах палітыка, умовы для ўдзелу ў выбарах для кандыдатаў у прэзідэнты не роўныя.

«Тут нічога не мяняецца з мінулых выбараў. Для аднаго — усё, для іншых — нічога: закрытая інфармацыйная прастора, немагчымасць сустракацца з выбаршчыкамі», — заявіў Уладзімір Някляеў. Па яго словах, умовы, у якіх знаходзяцца кандыдаты ў прэзідэнты, правакуюць іх на парушэнне правілаў перадвыбарнай кампаніі.

«Тыя ўмовы, у якія нас ставіць улада, загадзя прадугледжваюць, што правілы выбарчай кампаніі будуць парушацца, і на падставе гэтага будуць рабіцца захады па дыскваліфікацыі ўдзельнікаў. Аднак мы будзем старацца не дапускаць гэтага», — дадаў лідар кампаніі «Гавары праўду!».

«У нас усё-ткі створана структура, мы ідзем наўпрост да людзей, працуем праз інтэрнэт, праз малыя прыватныя прадпрыемствы, выдаем сваю друкаваную прадукцыю. Гэта значыць, мы ідзем тым шляхам, якім непазбежна трэба ісці», — растлумачыў Уладзімір Някляеў. Ён таксама паведаміў, што ў найбліжэйшы час плануе афіцыйна абвясціць аб пачатку сваёй перадвыбарчай кампаніі, перадае БелаПАН.

Статкевіч плануе заклікаць апазіцыю да аб’яднання

У сваю чаргу прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост ад Кангрэсу еўрапейскага выбару Мікалай Статкевіч плануе ў найбліжэйшыя дні ў чарговы раз заклікаць апазіцыю да аб’яднання, перадае «Беларускі партызан».

«Лукашэнка (дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка — Тэлеграф) хвалюецца, спяшаецца, імкнецца апярэдзіць апазіцыю, якая не здолела аб’яднацца. Лукашэнка грае на апярэджанне, і спрабуе не даць апазіцыі часу на аб’яднанне, на забеспячэнне сябе рэсурсамі», — патлумачыў Мікола Статкевіч.

Акрамя таго, на думку апазіцыйнага палітыка, прызначэнне выбараў на 19 снежня сведчыць аб тым, што Аляксандр Лукашэнка верыць у сімвалы. «19 снежня, паводле праваслаўнага календара, дзень святога Мікалая — менавіта так завуць самага малодшага сына Лукашэнкі», — адзначыў Мікола Статкевіч.

Апазіцыйныя палітыкі правялі сустрэчу на Гарадзеншчыне

Між тым, лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, незалежны палітык Алесь Міхалевіч і першы намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў правялі сустрэчу ў вёсцы Бершты Гарадзенскай вобласці. Палітыкі абмеркавалі палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Паміж намі чатырма ўзнік давер адзін да аднаго. Вырашылі сустрэцца і пагаварыць. Сустрэча скончылася паспяхова. Проста ёсць дамоўленасць аб супрацоўніцтве ў будучай выбарчай кампаніі. Без вызначэння агульных пазіцый было цяжка. Цяпер мы іх вызначылі», — распавёў Рыгор Кастусёў.

Как вам новость?