Някляеў: я, новы прэзідэнт, адмяню страх у беларускім грамадстве

23.11.2010 13:36
Архив Редакция

Выступаючы раніцай 23 лістапада ў эфіры Беларускага радыё, кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заявіў, што мае намер выкараніць страх, што пануе ў Беларусі. "Я, новы прэзідэнт Уладзімір Някляеў, адмяню гэты страх. Кожны будзе вольны казаць тое, у чым перакананы, і так, як лічыць патрэбным, дзейнічаць", — сказаў лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!".

Паводле слоў кандыдата, у выпадку абрання прэзідэнтам ён гарантуе захаванне правоў чалавека, якія будуць «захоўвацца законам непарушна». У планах палітыка ўнясенне змяненняў у палітычную сістэму Беларусі, сутнасць якіх заключаецца ў выразным падзеле ўладаў, што ў далейшым «нават тэарэтычна не дазволіць вярнуцца да дыктатуры — ніколі і нікому».

Някляеў: галасуйце за Някляева, гэта значыць — за развіццё

«У нас усё падпарадкоўваецца палітыцы, дакладней, таму, што прыдумае кіраўнік беларускай дзяржавы. А ён прыдумаў стабільнасць, якая насамрэч — застой», — лічыць Уладзімір Някляеў. Кандыдат прагназуе, што ў наступным годзе «абваліцца: спачатку эканоміка, потым палітыка, ідэалогія, а потым і сама дзяржава. Калі вы гэтага не хочаце, галасуйце за Някляева, а гэта значыць — за развіццё».

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» падверг крытыцы дзейнага прэзідэнта Беларусі за адмену льгот для пенсіянераў, студэнтаў, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Па словах кандыдата, з дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі вынікае, што «любіць ён не пенсіянераў і не студэнтаў, а толькі самога сябе, прэзідэнта», перадаюць «Беларускія навіны».

Кандыдат у прэзідэнты падкрэсліў, што «не трэба баяцца пераменаў» і што дзейны прэзідэнт не здольны памяняць сваю свядомасць, якая «застаецца савецкай», і таму «трэба мяняць яго (Аляксандра Лукашэнку — Тэлеграф) самога, ён стаў перашкодай на нашым шляху». Пры гэтым Уладзімір Някляеў лічыць, што варта захаваць усё лепшае, што было зроблена за час прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Закранаючы пытанні знешняй палітыкі, Уладзімір Някляеў адзначыў, што не з’яўляецца прыхільнікам рэзкага павароту ад Расіі.

Някляеў: я ўжо даўно займаюся не песнямі, не паэзіяй, а палітыкай

«Я той самы Уладзімір Някляеў, і іншага Уладзіміра Някляева ў Беларусі няма. Але я ўжо даўно займаюся не песнямі, не паэзіяй, а палітыкай, таму што паэзія наша жыццё можа ўпрыгожыць, але не змяніць. А я хачу яго змяніць, палепшыць і ведаю — як. І калі хтосьці вам будзе казаць, што паэт Уладзімір Някляеў мала што разумее ў палітыцы і не можа быць прэзідэнтам — не верце, бо я ўжо даказаў, што я на самой справе палітык», — растлумачыў кандыдат на прэзідэнцкі пост.

Уладзімір Някляеў нагадаў слухачам, што ён з’яўляецца кіраўніком грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» і запэўніў, што, паколькі яго рэйтынг «нашмат большы, чым рэйтынг любога іншага суперніка Лукашэнкі», то ён мае «найбольшы шанец не перамогу».

Някляеў: першым будзе закон аб малым і сярэднім бізнэсе

«Першым законам, які распрацуе парламент і падпіша прэзідэнт, будзе закон аб малым і сярэднім бізнэсе. Менавіта ён быў рухавіком эканомікі ва ўсіх краінах, якія выходзяць з савецкай сістэмы, і прывёў да поспеху», — сказаў Уладзімір Някляеў.

Таксама лідар кампаніі «Гавары праўду!» паабяцаў у выпадку абрання на пасаду прэзідэнта надаць асаблівую ўвагу развіццю сістэмы аховы здароўя, вярнуць, «калі не ўсе адразу, то часткова», насельніцтву ўклады, зробленыя ў савецкі час і вылучаць маці пры нараджэнні дзіцяці 25 тыс. даляраў.

«Гэта не значыць, што гэтыя грошы будуць выдадзены ўсе адразу, каб шчаслівы бацька аднойчы ўзяў іх і прапіў. Яны будуць выдаткоўвацца паступова і менавіта на патрэбы дзіцяці», — падкрэсліў кандыдат.

Как вам новость?