Някляеў: Лукашэнка спрабаваў мяне забіць

24.06.2011 10:37
Архив

Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" 23 чэрвеня ў ходзе анлайн-канферэнцыі заявіў, што ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года падчас нападу на калону яго прыхільнікаў на вуліцы Калектарная ў Мінску прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка спрабаваў забіць яго. "Я абвінавачваю Лукашэнку ў спробе забіць мяне", - адзначыў палітык.

Паводле яго слоў, калі прэзідэнт не аддаваў загад аб нападзе, дык няхай ён «дакажа, што гэта не так». «Калі не ён, то хто? Я павінен ведаць адказ», — заявіў Уладзімір Някляеў, перадае БелаПАН.

Экс-кандыдат паведаміў, што падаваў у пракуратуру заяву з патрабаваннем расследаваць акалічнасці свайго збіцця. «Яго службы, пракуратуры даюць пакуль толькі адпіскі, што расследаванне справы па факце нападу усё адкладаецца і адкладаецца», — адзначыў ён.

Палітык падкрэсліў, што напад на яго прыхільнікаў «стаў спускавым кручком падзей на плошчы, яно абумовіла далейшы сілавы сцэнар развіцця падзей».

Някляеў: санкцыі — гэта прэлюдыя

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» таксама лічыць, што Аляксандр Лукашэнка здольны спыніць санкцыі супраць Беларусі. Паводле яго слоў, санкцыі не ўводзіліся па патрабаванні апазіцыі. «Ніхто б Някляева не пачуў, калі б гэтыя санкцыі з 19 снежня не ўвёў Аляксандр Лукашэнка. Санкцыі — гэта рэакцыя на брутальнасць паводзін уладаў, на сфальсіфікаваныя выбары, на тое, як Лукашэнка абышоўся з кандыдатамі і іх прыхільнікамі, на турмы», — заявіў палітык.

На яго думку, санкцыі «пакуль мікраскапічныя, гэта пакуль нават нельга назваць санкцыямі». «Апошнія санкцыі ў адносінах да асобаў і фірмаў, якія непасрэдна зарабляюць грошы непасрэдна Аляксандру Лукашэнку, — гэта толькі прэлюдыя да значна большых непрыемнасцяў, якія могуць чакаць Беларусь. Не толькі Лукашэнку. Калі ён кажа, што гэта будзе тычыцца ўсіх, ён мае рацыю. Але ў яго сіле зрабіць так, каб гэта спынілася. Выпусці палітвязняў — кажуць яму і з Усходу, і з Захаду, і ўсё, ніякіх санкцый. Ён гэта не чуе», — адзначыў Уладзімір Някляеў.

Ён падкрэсліў, што «ўмовы з боку Еўрасаюза адны і тыя ж, і яны не мяняюцца: спачатку вызваленне палітвязняў, потым пра штосьці будзем гаварыць». «Змянілася сама тэндэнцыя: ніхто не слухае запалохвання Лукашэнкі. Як гэта было ў 2006 годзе, што калі вы мне не дапаможаце, то я пайду ў Расію. І тады дапамаглі. Сёння ж Еўрасаюз гатовы сказаць: калі хочаш у Расію — ідзі, паглядзім, што з табой там будзе. А там яго не з дабром чакаюць», — дадаў палітык.