Някляеў: народ не дапусціць правакацый на плошчы

13.12.2010 17:27
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў 12 снежня на сустрэчы з мінчукамі заявіў, што ніякіх правакацый на мірным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 19 снежня народ не дапусціць. Кандыдат падкрэсліў, што апазіцыя рыхтуецца да выключна мірнай акцыі.

Уладзімір Някляеў лічыць недапушчальнымі выказванні, аналагічныя заявам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміра Макея, які абвінаваціў беларускую апазіцыю ў падрыхтоўцы ўзброеных беспарадкаў у дзень выбараў.

«Успомніце мірную акцыю на Прывакзальнай плошчы 6 снежня — былі спробы правакатараў дэстабілізаваць абстаноўку, але нашы актывісты адрэагавалі адразу. Так будзе і на Плошчы!», — заявіў Уладзімір Някляеў.

«У краіне, дзе пануе беззаконне на дзяржаўным узроўні, грэшна папракаць кагосьці ў спробах спыніць беззаконне. Там, дзе нашыя правы парушаюцца кожны дзень, казаць пра законапаслухмянасць не выпадае», — адзначыў таксама кандыдат.

Дзмітрыеў: улада не гатовая паказаць свой сапраўдны рэйтынг

У сваю чаргу кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў лічыць, што сёння дзейная ўлада не гатовая паказаць свой рэальны рэйтынг. Так, паводле яго слоў, акрэдытаваная ўкраінская кампанія «ЭКООМ», якая будзе праводзіць exit-pool падчас выбараў, не аб’ектыўна падае інфармацыю аб рэйтынгу кандыдатаў, паведамілі ў кампаніі «Гавары праўду!».

«Мне патэлефанаваў нейкі яе прадстаўнік і сказаў, што рэйтынг Уладзіміра Някляева — каля 3%. Ужо праз дзень у прэсе я ўбачыў лічбу ў 4,4%. На мой погляд, калі лічбы ў сацыялогіі растуць, як цэны, мы не можам ім давяраць», — заявіў кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева.

«Дарэчы пасля агучанага рэйтынгу Лукашэнкі — 55% — ужо вечарам дырэктар украінскай кампаніі заявіў, што прэзідэнт безумоўна набярэ дзве траціны галасоў, як мінімум. Мабыць, агучыўшы занадта нізкія для Лукашэнкі лічбы, ён атрымаў па шапцы», — дадаў Андрэй Дзмітрыеў.

Кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева, як і сам кандыдат у прэзідэнты, перакананы, што рэальнай дэманстрацыяй таго, што беларусы выступаюць супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў стане мірная акцыя на Кастрычніцкай плошчы 19 снежня. «ЦВК адмовіўся ад празрыстых скрыняў. Нават ад гэтага малога кроку ў бок празрыстасці выбараў. Можна казаць аб тым, што цяпер ні адна апазіцыйная сіла не мае магчымасць кантраляваць працэс падліку галасоў», — адзначыў Андрэй Дзмітрыеў.

Как вам новость?