Някляеў не страчвае надзеі дамовіцца аб адзіным кандыдаце

29.09.2010 15:17
Архив Редакция

Лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў паведаміў, што ўсё яшчэ разлічвае дамовіцца з астатнімі дэмакратычнымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта Беларусі аб вылучэнні адзінага кандыдата. На думку апазіцыйнага палітыка, перамовы аб адзіным кандыдаце пачнуцца да завяршэння працэсу збору подпісаў.

«Ужо ў другой палове збору подпісаў будзе відавочна, хто ёсць хто. Прычым пачнецца рух насустрач адзін да аднаго ў першую чаргу тых, хто не будзе набіраць неабходную колькасць подпісаў. Каб утрымаць марку, захаваць твар, менавіта яны будуць рухацца да аб’яднальнага працэсу, хаця цяпер нібыта аб ім і не гавораць», — сказаў Уладзімір Някляеў, перадае БелаПАН.

«Зразумела, што шматколернасць з 17 ініцыятыўных груп абляціць. Рэальна, акрамя Лукашэнкі, могуць прадоўжыць удзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Някляеў, Саннікаў, Раманчук і Кастусёў. Гэта максімум», — дадаў лідар кампаніі «Гавары праўду!».

Уладзімір Някляеў адзначыў, што вядзе перамовы «з усімі». «І нельга сказаць, што гэтыя перамовы цалкам не прадуктыўныя», — падкрэсліў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

На думку Уладзіміра Някляева, нават калі апазіцыя не выбера адзінага кандыдата, але хаця б выйдзе на рэальную магчымасць яго вылучэння, у дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі будуць звязаныя рукі. «Ён не будзе ведаць, як паступіць такі кандыдат. Рашэнне, якое можа прыняць адзіны кандыдат, можа быць вельмі нечаканым для ўладаў», — лічыць апазіцыйны палітык.

Как вам новость?
Головоломки