Някляеў падаў дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы

23.09.2010 12:46
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" паэт Уладзімір Някляеў ў чацвер, 23 верасня, падаў у Цэнтрвыбаркам дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы. У ініцыятыўную групу кандыдата ўвайшлі 2,5 тыс. чалавек. Па словах палітыка, гэта не канчатковая лічба. "Дакументы ЦВК прымае да заўтра, і таму мы маем магчымасць дапоўніць свой спіс», — адзначыў Уладзімер Някляеў.

«Да нас пастаянна звяртаюцца людзі з просьбай прыняць іх у ініцыятыўную групу. Спіс з прыкладна 150 чалавек мы падамо заўтра», — заявіў Уладзімір Някляеў, перадае БелаПАН.

Па словах палітыка, у яго ініцыятыўную групу пагадзіліся ўвайсці Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Радзім Гарэцкі, іншыя вядомыя асобы.

Някляеў: пастаяннае месца жыхарства я не мяняў

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта таксама мае намер падаць у ЦВК выпіскі з ЖЭСа. «Гэта я зраблю для таго, каб у ЦВК не паўстала пытання, пражываў я пастаянна ў Беларусі на працягу 10 гадоў, каб яны не маглі мне адмовіць на гэтай падставе», — растлумачыў палітык.

Раней у СМІ з’явілася інфармацыя аб тым, што Уладзімір Някляеў не можа ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, бо ў канцы 1990-х гадоў нейкі час жыў у Польшчы і Фінляндыі. Паводле выбарчага заканадаўства Беларусі, кандыдат на прэзідэнцкі пост павінен непасрэдна перад выбарамі 10 гадоў пастаянна пражываць на тэрыторыі сваёй краіны.

«З 1961 года, з года, калі я прыехаў у Мінск, я прапісаны быў стала: спачатку, да 07.02.2006 года, па вуліцы Карла Маркса, з 2006 года — па вуліцы Велікаморскай ў Мінску. І ні разу, ні па якіх прычынах, пастаяннае месца жыхарства я не мяняў», — заявіў Уладзімір Някляеў.

У выпадку адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Уладзімір Някляеў мае намер адстойваць свае правы. «Калі раптам яны па прычыне, якой не існуе, не зарэгіструюць групу, я буду дамагацца справядлівасці: буду падаваць у суд, буду ісці законным шляхам, каб абараніць свае правы», — заявіў Уладзімір Някляеў.

Як раней паведамляў Тэлеграф, 20 верасня ЦВК зарэгістраваў першую ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам на пасаду прэзідэнта Віктара Цярэшчанкі. Чакаецца, што 23 верасня дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падасць прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі эканаміст Яраслаў Раманчук. Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і старшыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч абяцалі прыйсці ў ЦВК 24 верасня.

Как вам новость?