Някляеў папрасіў генпракурора вярнуць яму інтымныя запісы

23.08.2010 12:08
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", паэт Уладзімір Някляеў звярнуўся з адкрытым лістом да генпракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з просьбай вярнуць яму вершы, апавяданні, дзённікавыя і інтымныя запісы, якія тычацца яго асабістага жыцця. Уладзімір Някляеў нагадаў, што прайшло ўжо тры месяцы пасля таго, як у яго доме правялі ператрус і забралі ўсе рукапісы: папяровыя і электронныя.

«Якое дачыненне да Крымінальнага кодэксу, да артыкулу 250, па якім мяне затрымалі, могуць мець мае аповесці, апавяданні, паэмы і вершы?.. Ніякага. Але на ўсе просьбы вярнуць мне іх — ці маўчанне, ці пустыя адпіскі», — цытуе Уладзіміра Някляева «Беларускі партызан».

«Сярод забранага — творы незавершаныя і толькі пачатыя. Дзённікавыя, інтымныя запісы, якія тычацца выключна майго асабістага жыцця: стасункаў з маімі сябрамі, знаёмымі, жонкай, дзецьмі… І ва ўсё гэта нехта мае права лезці? Па надуманай прычыне? па артыкуле, па якім прадугледжана пакаранне за нейкую ілжывую інфармацыю аб нейкіх таварах?.. Ці ў нашай краіне таварам стала ўсё?», — пытаецца ў лісце паэт.

Лідар «Гавары праўду!» Таксама адзначае, што, калі арыштоўваюцца літаратурныя рукапісы, міжволі ўзгадваюцца трагічныя памятныя 30-я гады мінулага стагоддзя. «Мяркуючы па дзеяннях, якія дазваляюць сабе сілавыя структуры, па немаце, з якой глядзіць на ўсё гэта скаванае страхам грамадства, мы вяртаемся ў тыя часы. Як тады, так і цяпер, уся дзейнасць праваахоўных органаў накіравана не на забеспячэнне бяспекі дзяржавы, а на ахову інтарэсаў аднаго чалавека, які ўвасабляе сабой ўладу», — піша Уладзімір Някляеў.

«Такога не павінна быць, — адзначае паэт. — Мой абавязак як грамадзяніна, пісьменніка, паэта — гэтаму супрацьстаяць. І Ваш абавязак — грамадзянскі і прафесійны — такі ж. Краіна павінна жыць не па чыёйсьці асабістай волі, а па законах. Спадзяюся, што Вы і большасць вашых калегаў, лічыце менавіта так».

«Займаючыся палітыкай, я не пакідаю літаратуру. Кожны, хто ёй займаецца прафесійна, ведае асаблівасці гэтай прафесіі. Ёсць творы, у працы над якімі нельга перарывацца. Яны пішуцца на адным дыханні, да іх немагчыма вярнуцца пазней — яны губляюць закладзеную ў іх энергію і незваротна страчваюцца. Я гэта тлумачыў і тлумачу, але мяне ніхто не чуў і не чуе. «У камеры дапішаце…» — неяк кінуў следчы. Так што: мне самому ў турму прасіцца? Ці ёсць у мяне нейкая магчымасць дапісаць недапісанае?», — пытаецца ў лісце Уладзімір Някляеў.

«Прашу пачуць мяне і паспрыяць у тым, каб мне неадкладна вярнулі мае літаратурныя рукапісы», — звяртаецца да генпракурора Уладзімір Някляеў.

Как вам новость?
Головоломки