Някляеў паскардзіўся ў ЦВК на Лукашэнку

26.10.2010 15:47
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў падаў у Цэнтральную выбарчую камісію скаргу з нагоды парушэння выбарчага заканадаўства ініцыятыўнай групай прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя пісьмовай скаргі Уладзімір Някляеў накіраваў у ЦВК дыскі з відэа, на якіх зафіксаваныя парушэнні ініцыятыўнай групы.

Уладзімір Някляеў указаў на тое, што збор подпісаў у падтрымку беларускага лідара ажыццяўлялі таксама людзі, якія не ўваходзяць у ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, па словах Уладзіміра Някляева ініцыятыўная група прэзідэнта Беларусі часам ажыццяўляла збор подпісаў там, дзе гэта забаронена заканадаўствам, перадае БелаПАН.

Акрамя таго, ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева звярнулася да ўладаў Літвы, Польшчы і Украіны з просьбай прадставіць празрыстыя скрыні для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Па словах патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, наяўнасць на выбарчых участках празрыстых скрыняў «не вырашыць праблему магчымай фальсіфікацыі выбараў».

«Аднак фальсіфікацыя выбараў прынясе нам (я маю на ўвазе Беларусь і беларускі народ) вельмі вялікія праблемы. І гэта нясе ў сабе пагрозу, паколькі ў выніку фальсіфікацыі выбараў мы атрымаем ўладу, якую не прызнаюць ні ў Амерыцы, ні ў Еўропе, ні ў Расіі. Таму мы і праводзім гэтую акцыю з тым, каб паказаць, што выбары павінны прайсці чыста і празрыста», — заявіў лідар кампаніі «Гавары праўду!».

Калякін: ЦВК ставіць прэтэндэнтаў у няроўныя ўмовы

У сваю чаргу старшыня «Справядлівага свету» Сяргей Калякін лічыць, што ЦВК ставіць прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкі пост у няроўныя ўмовы. Так, Цэнтральны камітэт Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» ўжо двойчы звяртаўся ў ЦВК з прашэннем аб адмене рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак, абодва прашэнні ЦВК адхіліў. Па словах Сяргея Калякіна, гэта было зроблена з парушэннем выбарчага заканадаўства Беларусі, перадае сайт АДС.

«Па-першае, у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, скаргі на рашэнні камісій разглядаюцца на пасяджэннях камісій. Нашы ж звароты, як вынікае з адказаў, ЦВК на паседжаннях не разглядала», — распавёў Сяргей Калякін.

Па-другое, па словах лідара «Справядлівага свету», у адказе ЦВК гаворыцца, што «аспрэчаная пастанова Цэнтральнай камісіі носіць канкрэтна-індывідуальны характар: адрасавана канкрэтнаму суб’екту і паказвае на тое, хто ў дадзенай сітуацыі валодае суб’ектыўнымі правамі і юрыдычнымі абавязкамі».
 
«Атрымліваецца, што ЦВК пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі выкарыстала у адносінах да яго нейкі канкрэтна-індывідуальны падыход, што супярэчыць заканадаўству», — падкрэсліў Сяргей Калякін.

Как вам новость?
Головоломки