Някляеў патрабуе яшчэ гадзіну тэлеэфіру для кожнага кандыдата

03.12.2010 17:22
Архив Редакция

Удзельнікі каманды кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева 3 снежня правялі акцыю каля Цэнтрвыбаркама, патрабуючы вылучыць дадатковы эфір на тэлебачанні кожнаму з кандыдатаў у прэзідэнты.

У 12:00 каля будынку Цэнтрвыбаркаму сабралася каля 20 прыхільнікаў беларускага паэта. Яны дасталі сцягі з надпісам «За Някляева!», транспаранты «Патрабуем 1 гадзіну прамога эфіру», «Спыніце тэатр аднаго акцёра!», «Дайце эфір іншым!».

Насупраць вокнаў ЦВК ўдзельнікі акцыі ўсталявалі таксама стары тэлевізар маркі «Гарызонт», да экрана якога быў прымацаваны партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Гэта павінна было сімвалізаваць, што пачынаючы з 5 снежня, па заканчэнні выступаў кандыдатаў у прэзідэнты, тэлегледачы змогуць назіраць толькі адну асобу.

Кіраўнік выбарчага штаба беларускага паэта Андрэй Дзмітрыеў заявіў у інтэрв’ю БелаПАН, што Уладзімір Някляеў патрабуе прадставіць кандыдатам дадатковую гадзіну эфірнага часу. Для гэтага ён прапануе ЦВК выдзеліць кожнаму кандыдату ў прэзідэнту па 30 хвілін з 6 па 12 снежня тэлеэфіру і столькі ж — з 13 па 18 снежня.

«Мы патрабуем гэтага небеспадстаўна. Па дадзеных маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, Лукашэнка з’яўляецца на тэлеэкранах у 1,25 тыс. разоў больш, чым усе астатнія кандыдаты ў прэзідэнты разам узятыя. Мы просім даць альтэрнатыўным кандыдатам толькі гадзіну, хоць маглі б запатрабаваць роўных умоў доступу да тэлебачання», — сказаў Андрэй Дзмітрыеў.

«Някляеўцы» спадзяюцца змяніць прадстаўленне аб сітуацыі ў краіне ў жыхароў рэгіёнаў

Кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева лічыць, што прадстаўленне кандыдатам дадатковага эфірнага часу істотна зменіць ўяўленне жыхароў рэгіёнаў аб сітуацыі ў Беларусі.

«Многія эксперты кажуць, што расчараваныя ў выступленнях кандыдатаў па тэлебачанні. Але калі б яны не сядзелі ў Мінску, а з’ездзілі б у рэгіёны, у маленькія гарады, яны б убачылі, што людзі сем’ямі збіраюцца каля тэлевізара, каб хаця паўгадзіны пачуць праўду. Няхай паўгадзіны, але ж паслухаць пра тое, што сапраўды адбываецца ў краіне», — адзначыў Андрэй Дзмітрыеў.

Давераная асоба Някляева, пісьменнік Уладзімір Арлоў і прадстаўнік Някляева ў Цэнтрвыбаркаме, член ЦВК з правам дарадчага голасу Таццяна Процька перадалі ў Цэнтрвыбаркам заяву з просьбай прадставіць кандыдатам у прэзідэнты дадатковы час для выступаў перад тэлегледачамі.

«29 лістапада па тэлебачанні быў паказаны сюжэт пра тое, як Лукашэнка сустракаўся са сваімі даверанымі асобамі. Сустрэча праходзіла ў службовым памяшканні, у працоўны час. Тэлебачанне не паказвае сустрэчы з даверанымі асобамі іншых кандыдатаў. Мы просім ЦВК усё ж такі разабрацца з правам іншых кандыдатаў у прэзідэнты на роўныя магчымасці агітацыі», — заявіла Таццяна Процька.

За ходам пікету назіралі міліцыянты ў цывільным. Яны здымалі пікет на відэакамеру, але не ўмешваліся.

Как вам новость?