Някляеў патрабуе суду над асобамі, якія яго збівалі

10.05.2011 13:22
Архив Редакция

Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў заявіў, што 19 снежня ён накіроўваўся на Кастрычніцкую плошчу, аднак на Калектарнай вуліцы "пачалася вайна". "У цэнтры Мінску ў святочны дзень на кандыдата ў прэзідэнты накінуліся спецпадраздзяленні. Збівалі дружыну, карэспандэнтаў, дзяўчат — вось што павінна было разглядацца ў судзе. Я буду гэтага патрабаваць", — сказаў ён.

«Чаго-чаго, але гэтага ніхто не чакаў, бо МЗС прыкладаў намаганні, каб рушыць наперад у бок Еўрасаюза, дэмакратыі», — цытуе палітыка БелаПАН.

Такую заяву Уладзімір Някляеў зрабіў падчас свайго працэсу па справе аб масавых беспарадках, які 10 траўня працягваецца ў судзе Фрунзенскага раёна Мінску.

Ён паведаміў суду, што быў шпіталізаваны з падазрэннем на чэрапна-мазгавую траўму і страсенне мозгу. Пазней, ужо ў лякарні, былому кандыдату ў прэзідэнты чатыры разы мянялі дыягназ. «Сярэдняй цяжкасці чэрапна-мазгавая траўма за гадзіну «знікла», — паведаміў пацярпелы.

Някляеў: я быў шчаслівы, што трапіў у СІЗА

Акрамя таго, былі і іншыя парушэнні, распавёў Уладзімір Някляеў. Паводле яго слоў, у бальніцу «ўварваліся, накінуліся на жонку, цягнулі за кропельніцу кудысьці». «Я быў шчаслівы, што мяне адвезлі ў СІЗА, бо думаў, што гэтым людзям я жывы не патрэбны», — адзначыў палітык.

Уладзімір Някляеў таксама згадаў, што калі на Калектарнай вуліцы на групу людзей напалі невядомыя, яго кудысьці «цягнулі». На думку экс-кандыдата ў прэзідэнты, тыя, хто нападалі, спрабавалі забраць гукаўзмацняльную апаратуру, якая была патрэбна для правядзення дэманстрацыі, а таксама яго самога.

Як ужо перадаваў Телграф, разам з Уладзімірам Някляевым у рамках дадзенага працэсу судзяць яшчэ аднаго экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага, а таксама Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуту і Насту Палажанку. Іх абвінавачваюць па ч.1 арт.342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх). Сяргею Вазняку, акрамя таго, прад’яўленыя абвінавачанні па ч.1 арт.401 (заведама ілжывае паказанне). Максімальнае пакаранне, якое па гэтых абвінавачанняў можа пагражаць фігурантам «справы 19 снежня» — тры гады пазбаўлення волі.

Тым часам, збіццё Уладзіміра Някляева, якое адбылося ў дзень выбараў у Мінску, да гэтага часу застаецца не расследваным.

Как вам новость?
Головоломки