Някляеў і Рымашэўскі аспрэчваюць свае прысуды ў судзе

30.05.2011 17:05
Архив Редакция

Былыя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі, асуджаныя па "справе 19 снежня", 30 траўня абскардзілі ў Мінскім гарадскім судзе вынесеныя ім прысуды. Нягледзячы на тое, што абодва палітыкі па рашэнні суда застаюцца на свабодзе, яны незадаволеныя рашэннем суда, бо не лічаць сябе вінаватымі ў інкрымінаваных злачынствах.

«Пракурор назваў «адзінай змякчальнай акалічнасцю» наяўнасць у мяне непаўналетняй дачкі на ўтрыманні. Безумоўна, я рады штодня бачаць гэтую «акалічнасць», быць разам са сваёй сям’ёй. Але для мяне ўмоўны тэрмін — гэта не свабода», — заявіў Віталь Рымашэўскі.

Пры гэтым палітык растлумачыў, што пакуль падаў толькі папярэднюю скаргу, бо ні яму асабіста, ні яго адвакату да гэтага часу не прадставілі пратаколы судовага паседжання, неабходныя для падачы паўнавартаснай скаргі на прысуд, перадае БелаПАН.

У сваю чаргу Уладзімір Някляеў заявіў, што будзе дамагацца свайго поўнага апраўдання. На яго думку, вынесены прысуд не мае фактычных доказаў.

Адвакаты іншага асуджанага экс-кандыдата Андрэя Саннікава падалі касацыйную скаргу на прысуд яшчэ 23 траўня.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 20 траўня суд Фрунзенскага раёна асудзіў Уладзіміра Някляева на два гады абмежавання волі з адтэрміноўкай на два гады. Экс-кандыдата Віталя Рымашэўскага суд прысудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ўмоўна з выпрабаваннем на два гады. Палітыкаў прызналі вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.

У судзе Партызанскага раёна Мінску 14 траўня экс-кандыдата Андрэя Саннікава прызналі вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня і асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Как вам новость?
Головоломки