Някляеў і Саннікаў правялі на вакзале альтэрнатыўны ўсенародны сход

07.12.2010 09:13
Архив Редакция

Кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў вечарам 6 снежня правялі сустрэчу з выбаршчыкамі на плошчы перад мінскім чыгуначным вакзалам. У акцыі прыняло ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек. У сваім выступе лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» заклікаў народ Беларусі «памяняць лысую гуму».

Па словах Андрэя Саннікава, Усебеларускі народны сход, якія праходзіць 6-7 снежня ў Мінску, варта было назваць «Усебеларускi народны сыходзь», перадае БелаПАН.

У сваю чаргу Уладзімір Някляеў паспрабаваў растлумачыць прысутным, чаму апазіцыя не змагла выставіць на выбары прэзідэнта адзінага кандыдата. Паводле яго слоў, гэта звязана з тым, што ніхто з альтэрнатыўных кандыдатаў не захацеў зняць сваю кандыдатуру на яго карысць, а таксама імкненнем палітычных партый вытрымаць сваю лінію, а не асабістымі амбіцыямі асобных палітыкаў.

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» таксама зачытаў на Прывакзальнай плошчы сваю прамову, падрыхтаваную для выступу на Усебеларускім народным сходзе, куды ён не змог патрапіць, нягледзячы на сабраныя 27 тыс. подпісаў у падтрымку свайго вылучэння ў якасці дэлегата.

Кандыдат у прэзідэнты абвінаваціў цяперашнія беларускія ўлады ў непавазе да народа і заявіў, што дзейны прэзідэнт Беларусі пастаянна хлусіць, паведамляе сайт АДС. Ён заклікаў грамадзян не галасаваць датэрмінова, каб не дазволіць уладам ажыццявіць фальсіфікацыю вынікаў выбараў. У заключэнне свайго выступу Уладзімір Някляеў заклікаў людзей знайсці ў сабе сілы прыйсці на Кастрычніцкую плошчу ў 20:00 19 снежня, каб «даведацца праўду аб выніках выбараў».

«Зробім свой выбар. Перамога ў нашых руках! Беларусь у нашых сэрцах!» — заявіў у канцы выступу кандыдат у прэзідэнты Беларусі.

Как вам новость?