Някляеў: у Расіі ёсць інфармацыя пра зніклых беларускіх апазіцыянераў

04.10.2010 13:24
Архив Редакция

Лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў лічыць вельмі важным той факт, што прэзідэнт Расіі Дзмітры Мядзведзеў у адным з апошніх запісаў у сваім відэаблогу заклікаў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ўшчыльную заняцца расследаваннем знікненняў апазіцыйных палітыкаў 10-гадовай даўніны. "Кіраўніцтва Расіі дало зразумець Лукашэнку, што ў іх ёсць інфармацыя з гэтай нагоды", — лічыць Уладзімір Някляеў.

Па словах беларускага палітыка, выказванні прэзідэнта Расіі на адрас Аляксандра Лукашэнкі — гэта «ўжо ледзь стрыманае раздражненне паводзінамі Лукашэнкі». Уладзімір Някляеў лічыць, што гэта з’яўляецца сведчаннем таго, што дзейны прэзідэнт Беларусі не атрымае падтрымкі Расіі падчас цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў, перадае БелаПАН.

Разам з тым, лідар кампаніі «Гавары праўду!» мяркуе, што гэта не адаб’ецца на выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. «У Расіі больш пралангаваныя планы, і, хутчэй за ўсё, сур’ёзная размова з Лукашэнкам пачнецца ў студзені будучага года, калі трэба будзе падпісваць дамову аб кошце на нафту і газ. Пры гэтым Мядзведзеў даў зразумець, што на Лукашэнку ён не разлічвае, у прэзідэнта Беларусі няма палітычнай перспектывы, ён цалкам недагаворны чалавек», — адзначыў Уладзімір Някляеў.

У сваю чаргу, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў расцаніў словы Дзмітрыя Мядзведзева як «даволі дакладную палітычную заяву па сітуацыі ў Беларусі».

Саннікаў: справы зніклых апазіцыянераў змогуць расследаваць толькі пасля змены ўлады

«Прэзідэнт Расіі проста сказаў аб палітычных знікненнях і забойствах у Беларусі. Для нас гэта важна, бо мы звярталіся ў МЗС Расіі з просьбай аб садзейнічанні ў расследаванні. Гэта значыць, што выпадкі знікненняў могуць быць расследаваныя. Але, нажаль, не раней, чым пасля змены ўлады», — заявіў Андрэй Саннікаў.

Палітык таксама падкрэсліў, што, на яго думку, Аляксандр Лукашэнка «канчаткова перастаў быць партнёрам для Расіі».

Такога ж меркавання прытрымліваецца і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч. «Расія зрабіла свой выбар, і зрабіла даўно. Я заўсёды казаў, што трэба дзякаваць людзям, якія 15 гадоў падтрымлівалі Беларусь, а не лаяцца з імі», — заявіў Сяргей Гайдукевіч.

У той жа час, на думку палітыка, на цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі Расія наўрад ці падтрымае каго-небудзь з прэтэндэнтаў у прэзідэнты. «Масква заяўляла, што пракрамлёўскай кандыдата ў Беларусі не будзе. Будуць кандыдат ці кандыдаты, праграма якіх імпануе Расіі, і не больш», — лічыць Сяргей Гайдукевіч.

Как вам новость?