Някляеў: улада рыхтуе жорсткі сцэнар прэзідэнцкіх выбараў

14.10.2010 10:40
Архив Редакция

Лідар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!", прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Уладзімір Някляеў лічыць, што сцэнар цяперашняй выбарчай кампаніі, які падрыхтавалі беларускія ўлады, можа быць больш жорсткім, чым на папярэдніх выбарах. У той жа час Уладзімір Някляеў упэўнены, што ў беларускай апазіцыі ёсць шанец на кансалідацыю сіл.

Уладзімір Някляеў лічыць, што сабраць 100 тыс. подпісаў у сваю падтрымку, неабходных для вылучэння на прэзідэнцкі пост, змогуць не больш за 3 чалавек з тых, хто застаўся ў перадвыбарчай кампаніі. «Збор подпісаў — не такая простая рэч ва ўмовах рэжыму, калі ўсе ўсяго баяцца. На пікетах збор подпісаў малаэфектыўны. Большасць подпісаў мы сабралі, абыходзячы кватэры выбаршчыкаў па ўсёй Беларусі», — заявіў лідар кампаніі «Гавары праўду!».

Па словах Уладзіміра Някляева, па заканчэнні збору подпісаў у перадвыбарчай кампаніі могуць застацца дзейны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сам Уладзімір Някляеў і яшчэ адзін кандыдат, «які падпішацца пад ўсім, што яму дадуць». «Такая сітуацыя прапрацоўваецца спецслужбамі як магчымы сцэнар выбараў», — цытуе лідара кампаніі «Гавары праўду!» беларуская служба Deutsche Welle.

Уладзімір Някляеў паведаміў, што на сяброў яго ініцыятыўнай групы падчас збору подпісаў аказваўся сур’ёзны ціск, у першую чаргу гэта тычылася студэнтаў і людзей, якія працуюць у дзяржаўным сектары.

Някляеў: рэальнасць не супадае з тым, што Лукашэнка выстаўляе напаказ

«Калі заходнія дыпламаты праязджаюць па цэнтральнай вуліцы Мінску непадалёк ад прэзідэнцкай рэзідэнцыі, яны бачаць пікеты канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі са шчытамі і сцягамі. І быццам бы карціна такая, што ў краіне адбываюцца сапраўдныя дэмакратычныя выбары. Але тое, што на самой справе робіць Лукашэнка, рыхтуючыся да выбараў, дыяметральна не супадае з тым, што ён выстаўляе напаказ», — падкрэсліў Уладзімір Някляеў.

Патэнцыйны кандыдат лічыць, што цяперашняе беларускае кіраўніцтва збірае «сваю старую каманду». «Ім адступаць няма куды, таму што іх падазраюць у знікненні людзей і «ценявой» прыватызацыі. Так што прапісваецца вельмі жорсткі варыянт правядзення выбараў», — заявіў Уладзімір Някляеў.

«Паглядзіце, што адбываецца ў апошнія дні. Лукашэнка сустракаецца з Віктарам Шэйманам (былы дзяржсакратар Савета бяспекі, цяпер памочнік прэзідэнта па асаблівых даручэннях — Тэлеграф) як з членам сваёй ініцыятыўнай групы, і ніхто не ведае, якія функцыі будзе выконваць Шэйман на гэты раз. Але ў мінулыя выбарчыя кампаніі ўсе цвёрдыя рашэнні ішлі менавіта ад Шэймана», — адзначыў Уладзімір Някляеў.

Как вам новость?
Головоломки