Някляеў вырашыў збіраць подпісы да апошняга

14.10.2010 15:27
Архив Редакция

Ініцыятыўная група лідара кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміра Някляева працягне збіраць подпісы ў падтрымку патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі да 29 кастрычніка — апошняга дня, адведзенага на збор подпісаў Цэнтральнай выбарчай камісіяй. Пра гэта 14 кастрычніка паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Андрэй Дзмітрыеў.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы палітыка паведаміў, што ўжо сабраныя подпісы ў цяперашні момант праходзяць унутраны кантроль. «Першасны кантроль ужо пройдзены — мы праверылі правільнасць запаўнення падпісных лістоў. Цяпер ідзе другасны кантроль — мы правяраем рэальнасць пастаўленых подпісаў, ці няма дублявання ў падпісных лістах і гэтак далей», — распавёў Андрэй Дзмітрыеў.

Ініцыятыўная група плануе перадаць сабраныя подпісы ў выбарчыя камісіі ўжо ў канцы наступнага тыдня, перадае БелаПАН.

Ярмошына: адмова ў рэгістрацыі Някляева кандыдатам у прэзідэнты не разглядаецца

У той жа час старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што спадзяецца на выпраўленне сітуацыі з ініцыятыўнай групай Уладзіміра Някляева. Кіраўніца ЦВК нагадала, што для адмовы Уладзіміру Някляеву ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты дастаткова яшчэ аднаго папярэджання.

«Адмова ў рэгістрацыі — гэта вельмі жорсткі шлях. Мы падобную перспектыву цяпер не разглядаем», — падкрэсліла кіраўніца ЦВК.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 14 кастрычніка ЦВК вынес папярэджанне ініцыятыўнай групе лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева за тое, што ў зборы подпісаў у падтрымку патэнцыйнага кандыдата ўдзельнічалі непаўналетнія, а таксама за тое, што ініцыятыўная група распаўсюджвала агітацыйныя ўлёткі. Разам з тым у падтрымку Уладзіміра Някляева ўжо сабралі больш за 100 тыс. подпісаў.

Как вам новость?
Головоломки