Някляева могуць не дапусціць да выбараў за датэрміновую агітацыю

07.10.2010 14:25
Архив Редакция

Лідара грамадскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміра Някляева, які прэтэндуе на прэзідэнцкі пост, могуць не дапусціць да выбараў за датэрміновую агітацыю. Так, Цэнтральнай выбарчай камісіі стала вядома, што ў паштовыя скрыні некаторых выбаршчыкаў перыядычна кідаюць рэкламныя ўлёткі Уладзіміра Някляева.

У сувязі з гэтым, 6 кастрычніка старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адрасавала маскоўскаму аддзяленню Выканкама СНД просьбу выявіць, хто размясціў замову на выраб гэтых рэкламных улётак на адным з прадпрыемстваў Растова (яно ўказана на рэкламнай улётцы).

Лідзія Ярмошына спадзяецца, што маскоўскае аддзяленне Выканкама СНД зможа даведацца ў кіраўнікоў растоўскага прадпрыемствы, хто з’яўляецца заказчыкам гэтай прадукцыі і хто яе аплочвае.

Калі ж выявіцца, што да гэтага датычны Уладзімір Някляеў, прэтэндэнта могуць зняць з выбараў. Па словах кіраўніцы ЦВК, у наяўнасці адразу некалькі парушэнняў — датэрміновая агітацыя (паводле беларускага заканадаўства, перадвыбарная агітацыя дазволена пасля афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты), выраб рэкламнай прадукцыі за кошт невызначаных крыніц і яе выраб на тэрыторыі іншай дзяржавы.

Някляеў: мне нічога не вядома аб рэкламных улётках

У той жа час сам Уладзімір Някляеў паведаміў, што яму нічога не вядома аб рэкламных улётках, якія укідваюць у паштовыя скрыні грамадзян ад яго імя, перадае БелаПАН. Прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост заявіў, што з самага пачатку матэрыялы з лагатыпам кампаніі «Гавары праўду!» выкарыстоўваліся для правакацый.

«Як толькі мы пачалі кампанію, распаўсюджваючы паштоўкі, у якіх прапаноўвалі людзям пісаць у Адміністрацыю прэзідэнта аб сваіх праблемах, паштоўкі выкарыстоўваліся для правакацый. Замест апісання праблем у іх былі напісаныя абразы і пагрозы. Гэта значыць нас спрабавалі «падставіць» пад артыкул аб абразе прэзідэнта», — растлумачыў Уладзімір Някляеў.

«Я не магу адказваць за нейкія правакацыйныя дзеянні. Сёння кожны нават дома можа надрукаваць улётку з нашым лагатыпам, кінуць яе ў паштовую скрыню суседу, а потым сказаць: «Вось, глядзі, заўчасная агітацыя». Але я дакладна кажу — мая ініцыятыўная група гэтым не займаецца», — дадаў лідар кампаніі «Гавары праўду!».

Разам з тым, Уладзімір Някляеў падтрымаў кіраўніцу ЦВК у яе жаданні высветліць заказчыка дадзеных агітацыйных улётак. «Мы не збіраемся на такіх дробязях «спаліць» кампанію, на якую выдаткавана вельмі шмат намаганняў. Гэтага рабіць ніхто не будзе, гэта проста глупства. Я магу сказаць толькі адно — хай Ярмошына сапраўды высветліць, хто гэтым займаецца», — заявіў патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты.

Как вам новость?