Някляеву не дазволілі праспяваць на радыё

22.11.2010 15:47
Архив Редакция

Кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Уладзіміру Някляеву падчас запісу ягонага выступу 22 лістапада на радыё не дазволілі выканаць песню. Па словах Уладзіміра Някляева, сваю адмову арганізатары выступу аргументавалі тым, што кандыдат павінен быць "роўны з астатнімі". Разам з тым кандыдат перакананы ў тым, што фармат свайго выступу кожны кандыдат мае права вызначаць самастойна.

«Я лічу, што калі б усе пісалі вершы або песні — хай бы чыталі іх на радыё. Калі хтосьці танцаваць ўмее — хай станчыць ў тэлеэфіры», — пракаментаваў Уладзімір Някляеў. «Мне цікава, калі б Лукашэнка прыйшоў на радыё і стаў вершы расказваць, яго б таксама спынілі і кляп у рот засунулі?», — дадаў кандыдат.

Як стала вядома журналісту Тэлеграфа, кіраўнік перадвыбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў 23 лістапада мае намер накіраваць чарговую заяву ў Цэнтральную выбарчую камісію. Уладзімір Някляеў мае намер прасіць ЦВК растлумачыць кіраўніцтву радыё- і тэлеканалаў, на якіх будуць выступаць кандыдаты ў прэзідэнты, што наадварот эфірны час кандыдаты вольныя выкарыстоўваць па сваім жаданні.

«Так, нам вылучаюць 30 хвілін, а таксама канкрэтную колькасць знакаў у газетах, але як мы іх выкарыстоўваем, то бок фармат выступлення нашага кандыдата павінен застацца не за дзяржаўным чыноўнікам, якім дэ-факта сёння з’яўляюцца дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, а за камандамі кандыдатаў. Мы маем намер дамагацца таго, каб мы самі вырашалі, якім павінен быць выступ на тэлебачанні, якім — выступ на радыё, як павінна быць прадстаўлена наша праграма ў газетах», — заявіў Андрэй Дзмітрыеў.

Някляеву адмовіліся даваць копію запісу выступу на радыё

Акрамя таго, Уладзімір Някляеў паведаміў аб чарговым парушэнні: пасля запісу радыёвыступу кандыдату не далі копію запісу. Разам з тым Уладзімір Някляеў хацеў бы пераканацца ў тым, што на радыё яго выступ прагучыць «слова ў слова».

Уладзімір Някляеў таксама распавёў аб тым, што ў дзень выбараў 19 снежня актывісты яго перадвыбарчага штаба маюць намер праводзіць exit-polls. Паводле яго слоў, так як у склад выбарчых камісій не ўвайшоў ні адзін сябра кампаніі «Гавары праўду!», то паўплываць на падлік галасоў, а таксама пракантраляваць яго каманда Уладзіміра Някляева не зможа. Таму, па словах кандыдата, было прынята рашэнне аб арганізацыі паралельнага падліку галасоў на 300 выбарчых участках.

Уладзімір Някляеў таксама праінфармаваў, што ў выпадку перамогі на выбарах дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, выбарчая кампанія Уладзіміра Някляева будзе трансфармавана ў парламенцкую кампанію. «Усе кіраўнікі перадвыбарчых штабоў (іх цяпер 35, але плануецца павялічыць іх да 50) стануць кандыдатамі ў парламент Беларусі», — заявіў апазіцыйны палітык.

Как вам новость?
Головоломки