Нямцоў: Пуцін палічыў, што Лукашэнка яго "кінуў"

20.07.2010 09:39
Архив Редакция

Былы віцэ-прэм'ер Расіі Барыс Нямцоў расказаў, чаму паміж Расіяй і Беларуссю пачалася інфармацыйная вайна і чым яна можа скончыцца. Прычынай з'яўлення "вострых" сюжэтаў на беларускую тэму сталіся асабістыя ўзаемаадносіны прэм'ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, лічыць Барыс Нямцоў.

«Пуцін лічыць, што Лукашэнка яго «кінуў» у пытаннях Мытнага саюза, ён яго «кінуў», не прызнаўшы Паўднёвую Асетыю і Абхазію, ён яго «кідае» пастаянна па газе. І гэтак далей. А Лукашэнка абразліва адносіцца да Пуціна і наогул яго за чалавека не лічыць», — цытуе Барыса Нямцова «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Па словах былога віцэ-прэм’ера Расіі, беларускі лідар «з Беразоўскім мае стасункі, Саакашвілі пускае». «Такая ўспышка нянавісці аднаго да другога фізіялагічна-палітычнага кшталту і сталася прычынай даволі дурацкіх інфармацыйных боек. Дурацкіх таму, што не вельмі зразумелая мэта. Відавочна, што ў Пуціна ніякіх шанцаў звергнуць Лукашэнку няма», — заявіў Барыс Нямцоў.

На думку Барыса Нямцова, беларускую апазіцыю Крэмль недалюблівае больш, чым «нявернага» Лукашэнку. «У Беларусі ў іх (расійскіх уладаў) няма свайго кандыдата. Іхні кандыдат — гэта Лукашэнка. Яны ж не могуць падтрымліваць апазіцыю, якая хоча еўрапейскага выбару для Беларусі. Бо яны еўрапейскага выбару баяцца больш, чым ненавідзяць Лукашэнку», — сказаў Барыс Нямцоў.

А размовы аб «прарасійскім» кандыдаце былы віцэ-прэм’ер Расіі назваў «прыдумкамі прэзідэнта Беларусі, які такім чынам хоча аб’яднаць вакол сябе даверлівых выбаршчыкаў».

Как вам новость?