Нявыглас сыходзіць з пасады кіраўніка БФФ з-за санкцыяў Захаду

03.03.2011 17:02
Архив Редакция

Старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футболу" Генадзь Нявыглас не стаў выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах кіраўніка БФФ, якія маюць адбыцца 22 красавіка. Па словах экс-кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, унясенне яго заходнімі краінамі ў спіс неўяздных пасля выбараў прэзідэнта Беларусі - 2010 не дазволіць яму паўнавартасна выконваць свае функцыі.

У якасці прыкладу Генадзь Нявыглас прывёў запланаваны на 22 сакавіка ў Парыжы кангрэс УЕФА, на якім будзе абірацца кіраўніцтва еўрапейскай футбольнай федэрацыі, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Трапленне ў «чорны спіс» ЕС і ЗША азначае, што прадстаўнік Беларусі не зможа прысутнічаць на гэтым важным мерапрыемстве. У сувязі з гэтым кіраўнік БФФ заявіў, што не разумее пазіцыю Еўрасаюза, які ўвёў санкцыі ў дачыненні да яго, бо ён ужо даўно не працуе ў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі і таму нават фізічна не мог запляміць сваю рэпутацыю.

Між тым, пакуль яшчэ ні адзін беларускі футбольны функцыянер не абвясціў аб сваім намеры балатавацца на пасаду кіраўніка футбольнай федэрацыі.