Новая "чарнобыльская" дзяржпраграма абыдзецца Беларусі ў 2,2 млрд. даляраў

20.07.2010 14:51
Архив Редакция

Улады плануюць накіраваць 6,6 трлн. рублёў (2,2 млрд. даляраў) на фінансаванне дзяржпраграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2011-2015 гадоў. Пра гэта 20 ліпеня на паседжанні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі заявіў міністр па надзвычайных сітуацыях Энвер Барыеў падчас абмеркавання праекту дзяржпраграмы на 2011-2015 гады і на перыяд да 2020 года.

Па словах міністра, пры фармаванні паказчыкаў і аб’ёмаў фінансавання ўлічваліся «магчымасці эканомікі краіны на дадзеным этапе планавання». «Агульны аб’ём фінансавых сродкаў на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржпраграмы ў 2011-2015 гадах складае 6,6 трлн. рублёў (2,2 млрд. даляраў), у тым ліку 269,9 млрд. рублёў (90 млн. даляраў) з мясцовых бюджэтаў», — сказаў Энвер Барыеў, перадае БелТА.

«Праект праграмы ўтрымлівае ў сабе пэўны пералік напрамкаў. Разлік неабходных фінансавых сродкаў вызначаўся адрасна па кожным канкрэтным рэгіёне, аб’екце і накірунку», — паведаміў Энвер Барыеў. На яго думку, выкананне новай дзяржпраграмы дазволіць завяршыць у пацярпелых рэгіёнах пасляаварыйныя рэабілітацыйныя мерапрыемствы і перайсці да ўстойлівага сацыяльна-эканамічным развіцця. «У канчатковым выніку гэта дазволіць вярнуць тэрыторыі і насельніцтва да нармальнай жыццядзейнасці з мінімальнымі абмежаваннямі па радыяцыйным фактары», — сказаў кіраўнік МНС.

Як запэўніў Энвер Барыеў, дзяржпраграма надасць новы імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю пацярпелых рэгіёнаў. Яна «стварае рэжым найбольшага спрыяння як для сацыяльнага, так і для эканамічнага, прамысловага развіцця рэгіёнаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС». «Акрамя традыцыйных умоваў і мерапрыемстваў, такіх як сацыяльная абарона насельніцтва, забеспячэнне жорсткага радыяцыйнага кантролю месцаў пражывання і прадуктаў харчавання, аздараўленне насельніцтва, сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёнаў, газіфікацыя, замацаванне спецыялістаў у пацярпелых раёнах, ёсць новыя падыходы, так як Беларусь больш не мае патрэбы у гуманітарнай дапамозе, і цяпер гаворка ідзе аб поўнамаштабным сацыяльна-эканамічным развіцці раёнаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС», — сказаў міністр.

Асноўны ўпор у праекце зроблены на развіццё эканамічнага і прамысловага патэнцыялу Берасцейскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей. Для некаторых прадпрыемстваў прадугледжаны субсідыі на развіццё вытворчасці, стварэнне працоўных месцаў, забеспячэнне льготаў для замацавання маладых спецыялістаў.

У новай праграме вылучаны чатыры асноўныя напрамкі

Першы напрамак прадугледжвае паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання, павышэнне эфектыўнасці і якасці санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, прадстаўленне пацярпелым грамадзянам устаноўленых заканадаўствам ільгот і кампенсацый, прыцягненне высокакваліфікаваных спецыялістаў на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання і пакрыццё транспартных выдаткаў арганізацыяў гандлю на дастаўку прадукцыі ў забруджаныя раёны. Для гэтага ў найбліжэйшыя пяць гадоў спатрэбіцца больш за тры трлн. рублёў (1 млрд. даляраў): звыш за 2,7 трлн. рублёў (900 млн. даляраў) з рэспубліканскага бюджэту і 269,9 млрд. рублёў (90 млн. даляраў) з мясцовых бюджэтаў.

Другі напрамак прадугледжвае забеспячэнне радыяцыйнай абароны насельніцтва і тэрыторыяў. Прыярытэт будзе аддадзены рэалізацыі комплексу ахоўных мер у сельскай гаспадарцы, якія забяспечаць стабільную вытворчасць прадукцыі, якая адпавядае рэспубліканскім і міжнародным нарматывам па ўтрыманні радыёнуклідаў. Таксама прадугледжана паляпшэнне рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў, функцыянавання сістэмы радыёэкалагічнага маніторынгу і радыяцыйнага кантролю. На гэта плануецца выдаткаваць суму 865,9 млрд. рублёў (288,6 млн. даляраў), з іх больш за 70% пойдзе на выкананне ахоўных мер у сельскай гаспадарцы.

Трэці напрамак уключае ў сябе сацыяльна-эканамічнае развіццё пацярпелых рэгіёнаў: газіфікацыя, будаўніцтва аб’ектаў водазабеспячэння, добраўпарадкаванне населеных пунктаў і будаўніцтва жылля для льготнай катэгорыі грамадзянаў. Плануецца ўкараненне сучасных тэхналогіяў вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі, мадэрнізацыя і пераўзбраенне вытворчых магутнасцяў, развіццё племянной базы мясной і малочнай жывёлагадоўлі і насенняводства. На гэта плануецца накіраваць каля 2,1 трлн. рублёў (700 млн. даляраў).

Чацверты напрамак, на які плануецца выдаткаваць каля 72 млрд. рублёў (24 млн. даляраў), закранае навуковае забеспячэнне мерапрыемстваў дзяржпраграмы і інфармацыйнай палітыкі.

Как вам новость?
Головоломки