Новая спроба рабунку банка ў Мінску скончылася нічым

27.08.2010 10:15
Архив Редакция

26 жніўня апоўдні 31-гадовы нецвярозы мінчук з дапамогай нажа спрабаваў абрабаваць разлікова-касавы цэнтр «Белаграпрамбанка», размешчаны ў Мінску па адрасе вул. Старавіленскі тракт, 91. Пасля таго як касір націснуў трывожную кнопку, мужчына паспрабаваў уцячы, аднак яго затрымалі ўжо праз некалькі хвілін.

Па словах касіркі, добра падпіты мужчына ўвайшоў у памяшканне і накіраваўся да кансультанта па працы з кліентамі. Ён выказаў намер зняць некаторую суму грошай са свайго рахунку. Дзяўчына ўвяла ў камп’ютарную базу пашпартныя дадзеныя, і аказалася, што такі грамадзянін не з’яўляецца кліентам «Белаграпрамбанка», распавялі ў дэпартаменце аховы МУС Беларусі.

Супрацоўніца цэнтру выказала здагадку, што наведнік, магчыма, з’яўляецца ўкладчыкам іншага банка і прапанавала яму ўспомніць якога. Нядоўга думаючы, мужчына дастаў нож і стаў пагражаць расправай, патрабуючы вялікую суму грошай. Пакуль зламыснік на павышаных танах размаўляў з адной дзяўчынай, другая не разгубілася і націснула кнопку экстранага выкліку міліцыі.

Бліжэйшы нарад Цэнтральнага аддзелу дэпартаменту аховы ў складзе прапаршчыка Міхаіла Баршчэўскага і сяржанта Мікалая Герасімовіча прыбыў на месца праз тры хвіліны пасля таго, як сігнал трывогі паступіў на пульт цэнтралізаванага назірання аддзелу. Атрымаўшы ад супрацоўніц разлікова-касавага цэнтра апісанне зламысніка, міліцыянты пачалі адпрацоўваць прылеглую тэрыторыю.

У гэты час падышла дадатковая група затрымання, аднак дапамога калегаў не спатрэбілася — рабаўнік далёка ўцякаць і не думаў, і быў затрыманы за адным з суседніх будынкаў. Па словах сяржанта Герасімовіч, ён перыядычна выглядаў з-за рога і зноў хаваўся. Затрымаць яго не ўяўляла цяжкасці, паколькі падазраваны не аказаў супраціву.

Нарад аховы спачатку адвёз затрыманага на медыцынскі агляд, як таго патрабуе інструкцыя. Хаця няўзброеным вокам было відаць, што мужчына моцна п’яны. Пасля медагляду затрыманага даставілі ў Цэнтральнае РУУС. Падчас папярэдняй гутаркі з міліцыянтамі, сваю віну ён цалкам адмаўляў, маўляў, «зайшоў у банк пазнаёміцца з прыгожай дзяўчынай, хацеў яе тортам пачаставаць…» Магчыма, праз нейкі час, калі мужчына працверазее, ён зменіць свае паказанні. Аднак цяпер яго дзеянні падпадаюць пад сур’ёзны артыкул Крымінальнага Кодэксу — «Разбой».

Как вам новость?
Головоломки