Новы віток інфармацыйнай вайны: расійскія каналы адказалі БТ — відэа

29.06.2011 14:30
Архив

Расійскія тэлеканалы адказалі на сюжэт беларускага тэлебачання, у якім беларускія аналітыкі жорстка раскрытыкавалі дзеянні расійскага кіраўніцтва, а таксама расійскіх СМІ напярэдадні пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і фактычна абвінавацілі Расію ў арганізацыі рэвалюцыі праз сацсетку. Так, расійскі Першы канал назваў сюжэт беларускага тэлебачання адкрытай хлуснёй, а тэлеканал НTВ ў праграме "ЧП" працягнуў свой серыял "Хросны бацька" чарговым сюжэтам "пра крах сацыялізму ў Беларусі".

Нагадаем, у аналітычнай праграме беларускага тэлебачання «У цэнтры ўвагі» ад 26 чэрвеня ўпор быў зроблены на тое, што несанкцыянаваная пратэстная акцыя, якая прайшла 22 чэрвеня ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, была ініцыяваная ў расійскай сацыяльнай сеткі і прарэкламавана на расійскіх інтэрнэт-сайтах і расійскімі СМІ.

На думку беларускіх тэлевізійнікаў, да гэтага датычная «алігархічная Расія», якая «спрабуе выкарыстоўваць складанае эканамічнае становішча Беларусі, каб танна купіць яе ўласнасць». А расійскія федэральныя тэлеканалы, замест асвятлення памятных мерапрыемстваў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, аддалі перавагу паказваць акцыю актывістаў інтэрнэт-супольнасці «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», адзначалася ў праграме беларускага тэлебачання.

Пасля гэтага сюжэту 28 чэрвеня прэс-сакратарка расійскага прэзідэнта Наталля Цімакова, заявіла, што Крэмль не стане каментаваць крытычныя выказванні беларускага тэлебачання на адрас кіраўніцтва Расіі.

НТВ распавёў пра «Беларускі «цуд»

У праграме «ЧП», якая выйшла ў эфіры НТВ у аўторак вечарам, 28 чэрвеня, аўтары праграмы распавялі пра тое, чаму «на астраўку сацыялізму» скончыліся соль, цыгарэты і грэчка і што такое беларускі «хапун», дзе ўзяць грошы, калі іх у краіне больш няма.

Працяг сюжэту:

Раней, у 2010 годзе НТВ паказаў чатыры серыі фільма «Хросны Бацька», у якіх аўтары выкрывалі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Першая серыя фільма выйшла ў эфіры ў ліпені 2010 года, а чацвертая — пад назвай «Апошняя восень» — у кастрычніку мінулага года, за два месяцы да чарговых прэзідэнцкіх выбараў.

Першы канал: калегі беларускага тэлебачання не асабліва выбіраюць выразы

У сваю чаргу ў вячэрнім навіновым выпуску расійскага Першага канала ад 28 чэрвеня, які не патрапіў у беларускі эфір, вядучы заявіў, што калегі беларускага дзяржаўнага тэлебачання не асабліва выбіралі выразы, распавядаючы, хто і як адзначаў дзень памяці і смутку 22 чэрвеня.
>
Уласны карэспандэнт расійскага Першага канала ў Беларусі Дзмітры Наважылаў распавёў, як на беларускім тэлебачанні схлусілі. Паводле яго слоў, у Берасці працавалі адразу дзве здымачныя групы Першага канала. Адна працавала непасрэдна ў Брэсцкай крэпасці, дзе здымала ўсе мерапрыемствы — рэканструкцыю апошняй мірнай ночы, рэканструкцыю нападу, мітынг-рэквіем.

Другая здымачная група (Дзмітрыя Наважылава) здымала ў Берасці акцыю маўклівага пратэсту, бо не паспявала прыехаць у Мінск, каб зрабіць матэрыял адтуль.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, нараўне з узніклай новай інфармацыйнай вайной, з 29 чэрвеня Беларусь засталася без расійскай электраэнергіі. АТ «Інтэр РАО ЕЭС» цалкам спыніла пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь, якая так і не ажыццявіла чарговы плацёж у памеры 600 млн расійскіх рублёў для пагашэння запазычанасці.

Аднак як заяўляў 28 чэрвеня віцэ-прэм’ер Расіі Ігар Сечын, часовае спыненне паставак электраэнергіі ў Беларусь не трэба ўвязваць з палітыкай. «Тут няма ніякай палітычнай падаплёкі, праца вядзецца на карпаратыўным узроўні <…> Гэта пытанне ўзаемадзеяння дзвюх кампаній», — заяўляў Ігар Сечын.