Новым кіраўніком Федэрацыі хакея Беларусі стаў Ворсін

19.03.2010 09:15
Архив Редакция

Новым старшынёй Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь абраны Яўген Ворсін. Такое рашэнне было прынята 18 сакавіка ў Мінску на пазачарговай выбарнай канферэнцыі хакейнай федэрацыі. Выбары кіраўніка беларускага хакея прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове.

Яўгена Ворсіна на пасаду старшыні ФХРБ высунулі Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне «Федэрацыя хакея», а таксама адміністрацыя і трэнерскі калектыў хакейных клубаў «Гомель» і «Дынама» (Мінск), паведамляе БелТА.

Выступаючы перад дэлегатамі канферэнцыі, Яўген Ворсін адзначыў, што хакеем ён займаецца на працягу ўсяго жыцця. Нават цяпер, працуючы ў Маскве, сказаў кіраўнік ФХРБ, ён гуляў за каманду ўрада Расійскай Федэрацыі. На цяперашняй пасадзе ён мае намер ужыць свой досвед, а галоўнай задачай Яўгеній Ворсін бачыць, каб хакей стаў у нашай краіне нацыянальным відам спорту і беларускія каманды займалі самыя высокія месцы на найбуйнейшых міжнародных спаборніцтвах.

У розныя гады Федэрацыю хакея Беларусі ўзначальвалі Яўген Анкуда, Леў Кантаровіч, Юры Бародзіч і Уладзімір Навумаў. 21 студзеня на пазачарговай канферэнцыі Уладзімір Навумаў склаў з сябе паўнамоцтвы старшыні ФХРБ, аднак новы кіраўнік абраны не быў, і часова выканаўцам абавязкаў старшыні з’яўляўся спартовы дырэктар федэрацыі Уладзімір Швабоўскі.

Яўген Ворсін нарадзіўся ў 1948 годзе ва Ульянаўску, дзе гуляў у хакей з мячом за мясцовую «Волгу» і працаваў вучнем слесара на машынабудаўнічым заводзе. Пасля службы ў войску ў 1971 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізкультуры. Пераехаўшы ў Беларусь, Ворсін гуляў у хакей з шайбай за мінскія СКІФ (у першынстве БССР) і «Тарпеда» (у другой лізе чэмпіянату СССР). Працаваў у аддзеле футбола Спорткамітэта БССР, з’яўляўся начальнікам спортупраўлення Міністэрствы адукацыі. З красавіка 1999-га па снежань 2002 года быў міністрам спорту і турызму Беларусі, пасля чаго працаваў у структурах Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Яго апошняя пасада — намеснік генеральнага сакратара ЕЎРАЗЭС.

Как вам новость?