N.R.M. адправіў Вольскага ў неаплочвальны адпачынак

11.01.2011 10:24
Архив Редакция

Сёлета на "Рок-каранацыі" гурт N.R.M. будзе выступаць без заснавальніка, аўтара большасці песняў і галоўнага вакаліста Лявона Вольскага. Аб гэтым расказаў гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў, дадаўшы, што Вольскі "ўзяў творчую паўзу і пайшоў у творчы неаплочвальны адпачынак".

Аднак сам Лявон Вольскі прызнаўся, што для яго такая навіна з’яўляецца «непрыемнай нечаканасцю». «Я нічога пра гэта не ведаў… Я таксама прачытаў гэта сёння на сайце адной газеты», — расказаў «Еўрапейскаму радыё для Беларусі» музыкант.

Па словах Піта Паўлава, напрацягу года Лявон Вольскі не кантактаваў з гуртом, адмаўляўся ад канцэртаў N.R.M. і не хадзіў на рэпетыцыі. «А гурт не прызвычаены сядзець без рэпетыцыяў і без канцэртаў» — адзначыў гітарыст.

Лявон Вольскі таксама прызнаў, што «даўно ні з кім не сустракаўся і не размаўляў», і падкрэсліў што не хоча нічога каментаваць, бо не валодае інфармацыяй. Тым не менш, музыка ў адмысловым звароце да прыхільнікаў гурту, папрасіў у іх прабачэння за сітуацыю, што склалася. «Безумоўна, для ўсяго гэтага былі нейкія перадумовы, але папярэдне не патэлефанаваць і не параіцца — гэта неяк зусім не па-чалавечы», — адзначыў ён.

Тым не менш N.R.M. плануе выступіць на «Рок-каранацыі» з новымі песнямі, якія ўвойдуць у новы альбом, над якім цяпер працуе гурт. На думку Піта Паўлава, «яўнага франтмэна ў N.R.M. ніколі не было», а спяваць будуць астатнія ўдзельнікі гурта: сам Піт Паўлаў (гітара), Алег Дземідовіч (барабаны) і Юрась Ляўкоў (бас) — «ўсе ўтрох».