НІСЭПД: 90% беларусаў не сталі жыць лепш у 2010 годзе

06.04.2010 18:03
Архив Редакция

Па выніках нацыянальнага апытання, які правёў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у сакавіку цяперашняга года, толькі 10% апытаных беларусаў лічаць, што іх матэрыяльнае становішча за першыя тры месяцы гэтага года палепшылася. 60% рэспандэнтаў адзначаюць, што іх становішча не змянілася, а астатнія 30% паказваюць на пагаршэнне свайго матэрыяльнага дабрабыту.

Па выніках апытання, беларусы, якія чакаюць «паглыблення крызісу і нарастання злучаных з ім праблем», складаюць чвэрць рэспандэнтаў. Гэтулькі ж апытаных мяркуюць, што «краіна ўжо пачала выходзіць з крызісу», але самую вялікую групу складаюць «беларускія рэалісты», якія лічаць, што «крызіс ужо дасягнуў дна і горш не будзе» (38,3%), паведамляе НІСЭПД.

Амаль палова апытаных грамадзян (48%) «у поўнай ці значнай меры» ўпэўненыя, што гэты крызіс «з’яўляецца следствам эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны апошніх гадоў», а 62% упэўнены ў тым, што «ва ўрада Беларусі няма прадуманай праграмы па выйсці з крызісу» (прычым звыш за палову з іх лічаць, што «рашэнні прымаюцца пад уплывам імгненных акалічнасцяў»).

Дадзеныя сакавіцкага апытання паказваюць, што 68,3% рэспандэнтаў не вераць у тое, што ўлады змогуць выканаць сваё абяцанне і падняць да канца 2010 года сярэднюю зарплату па краіне да 500 даляраў у эквіваленце.

Разам з тым, 60% апытаных беларусаў ацэньваюць на цяперашні момант рэалізацыю сваіх жыццёвых планаў  на 50%, амаль кожны пяты —  на 25%. Звыш за 35% апытаных грамадзян мяркуюць, што «для таго, каб зрабіць паспяховую кар’еру, моладзі лепш з’ехаць у іншую краіну». Таксама 22% рэспандэнтаў прыкладам для мадэлі эканамічнага развіцця Беларусі назвалі Нямеччыну і каля 13% — ЗША.

НІСЭПД: стаўленне беларусаў да ўлады носіць дваісты характар

Па выніках праведзенага апытання, большасць рэспандэнтаў па-ранейшаму маюць дваістае стаўленне да існага парадку ў краіне і да ўлады.

Адказваючы на пытанне: «Калі дзяржава парушыла Вашы правы, куды Вы ў першую чаргу звернецеся па дапамогу?» звыш за траціну апытаных адказалі «я сам сябе абараняю» і «няма сэнсу абараняцца, дзяржава ўсё адно выйграе». Пры гэтым 16,4% беларусаў гатовыя звярнуцца ў адміністрацыю прэзідэнта, а 12,8% — да службоўцаў гарвыканкама, аблвыканкама.

На пытанне: «Дзейнасць «вертыкалі ўлады», створанай прэзідэнтам А. Лукашэнка, на Ваш погляд, прыносіць краіне больш карысці ці больш шкоды?» траціна адказала «больш шкоды», 41% выказаўся за «больш карысці».

Па дадзеных апытання, амаль траціна беларусаў найлепшым спосабам кіравання лічаць «моцную руку» (дэмакратыі аддаюць перавагу 53,9%). 16,2% рэспандэнтаў лічаць сябе супернікамі цяперашняй улады, а прыхільнікамі — 36,4%. Амаль палова апытаных грамадзян лічыць, што ў цэлым становішча рэчаў у Беларусі развіваецца ў правільным кірунку (у няправільным — 35,6%).

Адказваючы на пытанне: «Калі б заўтра адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі, за каго б Вы прагаласавалі?» 42,7% апытаных грамадзян аддалі б свае галасы цяпер дзейснаму прэзідэнту, што амаль у дзесяць разоў перавышае рэйтынг яго «найбліжэйшага» суперніка ад апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча (4,7%).

НІСЭПД: у геапалітычным плане беларускае грамадства расколатае напалову

Дадзеныя нацыянальнага апытання сведчаць пра тое, што беларускае грамадства, як і дзесяцігоддзе назад, застаецца падзеленым, калі не расколатым, на «беларосаў» і «еўрабеларусаў» у прыкладна роўных долях.

Колькасць беларусаў, якія гатовыя выбіраць аб’яднанне з Расіяй, і колькасць беларусаў, якія выступаюь за ўступ у Еўрасаюз, складае па выніках апытання 41,4% і 40,4% адпаведна. Адказваючы на пытанне: «Вы лічыце сябе бліжэйшым да рускіх ці да еўрапейцаў?» амаль тры чвэрці адказалі «да рускіх», і каля 20% — «да еўрапейцаў», тлумачачы гэта, першым чынам, гістарычнымі (49,5%), культурнымі (39,9%) і моўнымі (36,2%) прычынамі.

На пытанне: «Ад каго, па Вашым меркаванні, зыходзіць пагроза для Беларусі?» палова апытаных рэспандэнтаў адказала, што Беларусі «ніхто не пагражае». Ацэньваючы наступствы дыпламатычнага канфлікту паміж Беларуссю і ЗША, які разгарэўся ўвесну 2008 года, большасць апытаных грамадзян (47,5%) мяркуюць, што абавязкова трэба аднавіць звычайныя адносіны з ЗША (не абавязкова — толькі 19,1%).

Адказваючы на пытанне пра тое, хто вінаваты ў вострым канфлікце, які разгарэўся нядаўна паміж Беларуссю і Расіяй з нагоды паставак нафты ў Беларусь, звыш за 50% сказалі «абодва бакі ў роўнай ступені» («расійскія ўлады» — меней за чвэрць).

Ацэньваючы дамовы па мытных пошлінах, якія прывялі да страты 2,5 млрд. даляраў, большасць рэспандэнтаў (47,3%) лічаць такія рашэнні справядлівымі з боку Расіі, якая «не абавязана ахвяраваць сваімі эканамічнымі інтарэсамі дзеля саюзніка» (процілеглы адказ далі 32.6%).

Датычна канфлікту паміж уладамі і чальцамі незарэгістраванага Саюза палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, які прывёў да рэзкага пагаршэння адносін з Польшчай, дык, па меркаванні адной траціны апытаных беларусаў, у канфлікце вінаватыя абодва бакі, другая траціна не змагла адказаць, а трэцяя падзялілася паміж прыхільнікамі аднаго з бакоў.

Как вам новость?
Головоломки