НІСЭПД: агульны рэйтынг апазіцыйных прэтэндэнтаў ўсё яшчэ ніжэйшы за Лукашэнкавы

11.11.2010 16:59
Архив Редакция

Напярэдадні выбараў рэйтынг дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі склаў 44% па адкрытым пытанні і 48,2% па закрытым. У той жа час агульны рэйтынг апазіцыйных прэтэндэнтаў па закрытым пытанні склаў усяго 37,9%. Пра гэта сведчаць вынікі сацыялагічнага апытання, праведзенага ў другой палове кастрычніка 2010 года грамадскай установай "Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў" (НІСЭПД).

У цэлым за паўтара месяца, якія прайшлі з часу вераснёўскага апытання, рэйтынгі альтэрнатыўных кандыдатаў істотна выраслі. Так, закрыты рэйтынг Уладзіміра Някляева вырас з 5,1% да 16,8%, Андрэя Саннікава — з 3% да 8,6%, Яраслава Раманчука — з 2,6% да 6,1%, Алеся Міхалевіча — з 2,3% да 6,4%.

Па рэйтынгу сімпатый па-ранейшаму лідзіруе Аляксандр Лукашэнка — 55,5% ставяцца да яго вельмі ці хутчэй станоўча (у лютым 2006 года — 65,8%). У той жа час 33,7% ставяцца да беларускага лідара хутчэй або вельмі адмоўна (у лютым 2006 года — 29,9%). Другі ў рэйтынгу сімпатый — Уладзімір Някляеў. Сваё станоўчае стаўленне да патэнцыйнага кандыдата выказалі 23,8% апытаных, а адмоўнае — 19,4%.

Акрамя таго, паводле апытання, 44,6% беларусаў выступаюць за тое, каб «зноў абраць прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнку». У той жа час 43,6% лічаць, што трэба «даць шанец новаму чалавеку».

НІСЭПД: 72,3% беларусаў маюць намер ісці на выбары

Як паведамілі ў НІСЭПД, 73,2% апытаных заявілі аб сваім намеры ўдзельнічаць у выбарах, адпаведна, 13,9% рэспандэнтаў заявілі, што, хутчэй за ўсё, не пойдуць галасаваць 19 снежня.

Эксперты інстытуту адзначаюць, што ўзровень гатоўнасці беларусаў да выбараў ніжэйшы, чым напярэдадні мінулых прэзідэнцкіх выбараў у лютым 2006 года. Тады толькі 80% рэспандэнтаў заяўлялі пра гатоўнасць ўдзельнічаць у выбарах.

Па выніках апытання, вырашальным пытаннем, што паўплывае на выбар кандыдата, 51,9% апытаных назвалі агульную якасць жыцця, 32,2% — рост цэнаў, 24,8% — паляпшэнне аховы здароўя.

Разам з тым ўзровень інфармаванасці выбаршчыкаў аб патэнцыйных кандыдатах застаецца нізкім. Так, толькі 31,7% рэспандэнтаў прызналіся, што ў іх сёння ёсць досыць інфармацыі пра кандыдатаў у прэзідэнты, каб упэўнена зрабіць выбар, дзве траціны далі адмоўны адказ. Галоўнай крыніцай атрымання такой інфармацыі для людзей па-ранейшаму застаецца тэлебачанне — 31,8% апытаных. З інтэрнэту атрымліваюць інфармацыю аб прэтэндэнтах толькі 10,5% апытаных.

Самым вядомым грамадскім рухам у апошні час, па дадзеных апытання, з’яўляецца кампанія «Гавары праўду!». 30% апытаных маюць некаторыя звесткі пра яе дзейнасці. Аб Партыі БНФ у апошні час чула каля 27,6% апытаных, аб грамадскім аб’яднанні «Белая Русь» — 23,3%, пра Руху «За Свабоду» — 16,1%, пра БСДП «Народная Грамада» — 8,6%, аб руху «Еўрапейская Беларусь» — 6,5%, аб партыі «Справядлівы свет» — 6,4%. Пры гэтым толькі 16,3% рэспандэнтаў за апошнія гады сустракаліся і размаўлялі з членамі якіх-небудзь з гэтых партыяў ці рухаў.

НІСЭПД: 32,9% беларусаў перакананыя, што выбары не будуць справядлівымі

У той жа час, канстатуюць сацыёлагі, 41,6% апытаных лічаць роўнымі ўмовы, створаныя для ўсіх патэнцыйных кандыдатаў. 46,3% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання. 46,8% апытаных перакананыя, што цяперашнія прэзыдэнцкія выбары будуць свабоднымі і справядлівымі. 32,9% рэспандэнтаў прытрымліваюцца
процілеглай думкі (у лютым 2006 года адпаведна 54,9% і 32,1%).

Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі 41% апытаных лічаць «бесстароннім органам, які кіруецца ў сваёй працы толькі законам». У той жа час 47,1% рэспандэнтаў лічаць, што гэты «орган, кіруецца ў сваёй працы, перш за ўсё, указаннямі прэзідэнта». Афіцыйна абвешчаным вынікам выбараў гатовыя давяраць 52,4% апытаных, а 30,1% давяраць афіцыйных дадзеным не схільныя.

У выпадку, калі выбаршчыкі будуць лічыць вынікі прэзідэнцкіх выбараў сфальсіфікаванымі, толькі 10,9% з іх гатовыя «прыняць удзел у масавых пратэстах, каб паспрабаваць змяніць гэтыя вынікі». 24,1% апытаных заявілі, што ў масавых акцыях пратэсту удзельнічаць не будуць, хоць фальсіфікацыі іх расчаруюць. Разам з тым 40,5% заявілі, што пагодзяцца з вынікамі выбараў, «таму што іх ужо нельга будзе змяніць».

Галоўнымі матывамі адмовы ад удзелу ў акцыях пратэсту стала тое, што людзі «не вераць у іх дзейснасць» (28,2%), «у іх няма на гэта часу» (20,4%) і «малалікасць акцый» (11%). Каля 18,3% апытаных адзначылі, што ў акцыях пратэсту яны «баяцца ўдзельнічаць, таму што манчымыя рэпрэсіі з боку ўлады».

Как вам новость?
Головоломки